Прадстаўніцтва ЕС: Наконт вяртання амбасадараў вядуцца кансультацыі
Магчымасць вяртання амбасадараў краін ЕС у Мінск яшчэ толькі абмяркоўваецца, вядуцца кансультацыі.
Казаць, што амбасадар ЕС Майра Мора бліжэйшымі днямі з’явіцца ў мінскім офісе, зарана. Так Еўрарадыё пракаментавалі ў Прадстаўніцтве ЕС у Беларусі інфармацыю пра тое, што амбасадары ЕС атрымалі загад вярнуцца ў Беларусь да 23 сакавіка.
Прадстаўніцтва ЕС: “Пакуль няма ніякай інфармацыі на гэты конт. Мы ведаем толькі тое, што стала вядома прэсе: вядуцца кансульцыі на гэты конт. Адзінае што мы ведаем — яны ўсе (амбасадары краін ЕС. — Еўрарадыё.) будуць прытрымлівацца адзінага і скаардынаванага падыходу да вяртання ўсіх амбасадараў Еўрасаюза”.
Нагадаю, 28 лютага МЗС Беларусі прапанаваў амбасадару ЕС Майры Моры і амбасадару Польшчы Лешаку Шарэпку “выехаць у сталіцы сваіх краін на кансультацыі”. Следам за імі з Беларусі з’ехалі ўсе астатнія амбасадары краін ЕС. Днямі з’явілася інфармацыя, што амбасадары мусяць вярнуцца ў Мінск да 23 сакавіка — у гэты дзень Савет міністраў замежных спраў краін ЕС мусіць разглядаць пашырэнне санкцый супраць беларускай улады.
Фота: bsgreeksru.blogspot.com