Праваабаронца: Мы спадзяемся на Камітэт па правах чалавека
Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле яшчэ два прысуды людзям, арыштаваным у звязку з падзеямі 19 снежня.
11 лютага Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле прысуды Міхаілу Мацкевічу і Ірыне Панкавец. Пакараныя 10-цю суткамі пасля Плошчы і акцыі салідарнасці са зняволенымі спрабавалі абскардзіць у вышэйшай інстанцыі рашэнні Маскоўскага раённага суду Мінска. Не атрымалася.
Ірыну Панкавец асудзілі 20 снежня. Пасля вяртання на волю яе звольнілі з пасады шэф-повара Старавіленскай сярэдняй школы. З таго часу яна не можа знайсці працу.
“Разгляд па справе Ірыны Панкавец скончылася тым, што пастанова засталася у сіле. Падставай для гэтага стала тое, што Ірына падпісала 20 снежня паперу, згодна з якой яна далей не будзе абскарджваць прысуд, — распавяла Еўрарадыё праваабаронца Вольга Дамарад, якая дапамагала Ірыне складаць скаргу. — Гэтая папера была падпісаная, калі Ірына была хворая і не разумела, што падпісвае. Больш за тое, Ірына не разумее юрыдычных тонкацсяў — ёй адмовілі ў тым, каб вызваць адваката, праваабаронцу. Падсунулі паперку, якую яна падпісала. Атрымалася, што яна звязала сабе рукі і абмежавала сродкі для сваёй абароны”.
Людзі, якія прапанавалі Ірыне падпісаць гэтую паперу, грамадскасці і праваабаронцам дагэтуль невядомыя. Як сказала Ірына, гэта было зроблена да вынесення прысуду ёй па адміністрацыйнай справе, – сцвярджае Вольга Дамарад.
Міхаіла Мацкевіча затрымалі 24 снежня, пасля акцыі салідарнасці са зняволенымі на Плошчы, і таксама, як і Ірыну Панкавец, прысудзілі да 10 сутак. Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле і гэты прысуд.
“Шчыра кажучы, цяпер ужо не ведаю наколькі ёсць магчымасць абараніць свае правы ў беларускіх судах, — каментуе гэты факт Вольга Дамарад. — Мы разлічваем на падачу скаргі ў Камітэт па правах чалавека”.
Па звестках праваабаронцы, прысуды раённых судоў Мінска абскарджваюць каля 40 чалавек, асуджаных у звязку з падзеямі 19 снежня. Кожны дзень гэтая лічба павялічваецца.