Прэзідэнт ПАСЕ пра смяротныя пакаранні: "Здзейснена непапраўнае"
Старшыня Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Жан-Клод Міньён узрушаны смяротнымі пакараннямі Ўладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву.
"Здзейснена непапраўнае. Беларускія ўлады зноў засталіся глухімі да заклікаў міжнароднай супольнасці аб міласэрнасці. Смяротнае пакаранне – жорсткае і непатрэбнае, гэта варварская традыцыя, якой няма месца ў цывілізаваным грамадстве", сказаў старшыня ПАСЕ.
Асамблея некалькі разоў заклікала беларускія ўлады не караць смерцю абвінавачаных у выбуху ў метро не толькі таму, што смяротная кара няправільная ў прынцыпе, але і таму, што існуе шмат пытанняў аб справядлівасці працэса, адзначыў Міньён. Ён выказаў спачуванні сем'ям пакараных смерцю.
Нагадаем, вяртанне Беларусі статуса спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ, замарожанага ў 1997 г., звязана з мараторыем на смяротнае пакаранне і прагрэсам у сферы дэмакратыі.