Прыхільнікаў The Stokes даводзіцца адганяць ад мікрааўтобуса музыкаў

Беларускі гурт The Stokes, які шэсць год таму з'ехаў жыць у Маскву, вярнуўся на радзіму з міні-турам і новым альбомам. Нягледзячы на святы ды сапраўды летняе надвор'е, першы канцэрт туру ў Віцебску прайшоў "на ура!"

"Я называю гэта: "Мы змагаемся з шашлыкамі", - жартуе лідар гурта Аляксей Stokes. - Але людзі былі, і мы з імі паразмаўлялі да канцэрта, нават сталі сябрамі. Таму на пачатку канцэрта яны спакойна селі на падлогу. Часам людзі падыходзілі і прапаноўвалі пайсці перакурыць, праз якіх 7 песень. То бок усё было вельмі душэўна і здорава. Менавіта гэта мы і жадалі прывезці ў Беларусь - нейкую такую душэўнасць.

Падчас туру The Stokes выконваюць песні з будучага альбома "Наизнанку", а таксама ўсе хіты з мінскага перыяду гурта, уключна з "Между Минском и Римом", "Еще один раз", "Под куполом небес" і іншымі. Апроч таго музыкі прапануюць усім сваім прыхільнікам пакідаць подпісы, малюнкі, пажаданні на мікрааўтобусе, на якім яны едуць па краіне.

"Віцябляне ўжо адзначыліся на ім, - усміхаецца Аляксей. - Я нават спыняў іх і прасіў пакінуць месца ля іншых гарадоў. Зараз мы спыняемся на светлафорах, і нам машуць людзі, чытаюць надпісы. Мне падаецца, гэта здорава. Думаю, заўтра мы выкладзем яго фотакарткі на пачатковым этапе".

Наперадзе ў гурта яшчэ пяць канцэртаў, адзін з іх – у родным Наваполацку, дзе збяруцца сябры ды сваякі музыкаў. У Мінску гурт адыграе 4 траўня ў клубе "Цэнтр", далей будзе Гомель, Гародня ды Брэст, 5, 6 ды 7 траўня адпаведна. Усе канцэрты тура музыкі здымаюць на відэа, каб потым змантаваць дакументальны фільм пра беларускі рок. Гэта будзе своеасаблівая складанка партрэтаў людзей, чые творчасць ды праца звязаныя з рок-музыкай - музыкі, журналісты, арганізатары фестываляў, гітарныя майстры і г.д.

Расклад беларускага туру The Stokes:

2 траўня – Наваполацк, ДК Будаўнікоў
4 траўня – Мінск, клуб "Цэнтр"
5 траўня – Гомель, ГЦК
6 траўня – Гродна, "Офицерофф"
7 траўня – Брэст, "Сіці"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі