Радзівілы будуць прысутнічаць на адкрыцці Нясвіжскага замка

У Беларусь князі Мацей і Мікалай Радзівілы дабіраліся на прыватным аўтамабілі. Вядома, што на адкрыцці Нясвіжскага замка ў пятніцу ад прадстаўнікоў княскай сям’і будуць прысутнічаць толькі яны, хоць запрашэнне было аформленае на большую колькасць асобаў.

Пра тое, што адкрыццё замка плануецца 20 ліпеня, першым паведаміла Еўрарадыё яшчэ тры дні таму. Афіцыйнае пацьверджанне з боку агенцыі БЕЛТА прагучала толькі ў сераду.

Дакладна невядома, ці будзе прысутнічаць на адкрыцці Аляксандр Лукашэнка. Аднак у супрацоўнікаў музея перапісалі нумары пашпартоў і папярэдзілі пра прапускны рэжым. Нагадаем, на адкрыцці Мірскага замка кіраўнік дзяржавы прысутнічаў.

Рэканструкцыю Нясвіжскага замка першапачаткова меркавалася скончыць яшчэ ў 2010 годзе. Працэс аднаўлення выклікаў шмат нараканняў адмыслоўцаў, якія зафіксавалі шматлікія парушэнні стандартаў рэстаўрацыі. У часе рэканструкцыі была цалкам знішчаная трохпавярховая замкавая галерэя і практычна цалкам — замкавы мост. Апроч гэтага, пацярпелі інтэр’еры — ляпніну дзе-нідзе замянілі на новую, а усе старыя вокны замянілі сучаснымі драўлянымі шклопакетамі.

На здымку: Радзівілы вяртаюць Маці Божую ў замак. Злева направа Мацей Радзівіл, экс-дырэктар замка Валеры Сталярчук, Мікалай Радзівіл. 2010 год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі