Рагачоўскага актывіста пасадзілі на пяць сутак “за абразу міліцыі”

Малады чалавек выбраўся на вуліцу папаліць і там да яго падышлі міліцыянты. Яны прапанавалі прайсці з імі. Дзяніс папрасіў іх прадставіцца, але ў адказ міліцыянты адрэагавалі груба — схапілі яго і павезлі ў пастарунак. Затым вельмі хутка адбыўся суд і хлопца пасадзілі за краты на пяць сутак.

Жонка рагачоўскага актывіста ў інтэрв’ю БелаПАН выказала меркаванне, што гэты арышт мог быць звязаны з яго палітычнай дзейнасцю. Дзяніс Дашкевіч неаднаразова ўдзельнічаў у “маўклівых акцыях”, ён таксама з’яўляецца стваральнікам рэгіянальнага сайта незалежных навінаў.