Раней на танных імпартных макаронах пастаўшчыкі зараблялі

Галоўная прычына валютнага крызіса, як кажуць эканамісты, — гэта адмоўнае гандлёвае сальда. Беларусы набывалі замежных тавараў нашмат болей, чым прадавалі за мяжу сваіх і куплялі беларускіх.

Абсалютна зразумела, чаму прынцып "Купляйце беларускае" не дзейнічае на айчынныя тэлевізары і халадзільнікі. Але часам даходзіць да нейкіх неверагодных рэчаў. У краме "Радзівілаўскі" Еўрарадыё  знайшло літоўскія шампіньёны, пры гэтым на Камароўцы можна набыць беларускія па кошце ў 2 разы танней. Таксама выявіліся на паліцах і танныя макароны расійскай і беларускай вытворчасці. Што праўда, за расійскія трэба разлічвацца валютай. Вось на прыкладзе макаронных вырабаў нумар 20 Еўрарадыё вырашыла разабрацца ў логіцы.

"Гэта патрэбна для асартыменту — каб былі макароны розныя: і беларускія, і расійскія. Мы выбіраем, глядзім: у каго танней, там і бярэм. Па якасці глядзім. Потым для асартыменту таксама павінны быць не адны беларускія тавары, але і замежныя", — распавялі Еўрарадыё ў сталічным гіпермаркеце.

Смаленскія макароны крамы набываюць у імпарцёраў за рублі, а вось імпарцёры ўжо аддаюць за іх валюту. Але калі крамам усё роўна, навошта імпарцёры аддаюць валюту за тавар, які можна вырабіць у Беларусі?

"Ёсць маркі, якія зарэкамендавалі сябе. Калі народ гэта задавальняе, чаму ён не будзе гэта браць? Іх бяруць добра", — гавораць імпарцёры.

Але ж прычына аказалася значна глыбей. Раней, калі былі абмежаванні на фарміраванне коштаў, на замежных макаронах можна было… больш зарабіць. "Нам жа трэба неяк жыць", — гавораць імпарцёры.

Што праўда, калі грымнуў валютны крызіс, жыць стала складана, асабліва ўлічваючы, што за танныя — у беларускіх рублях — макароны яшчэ не выплачаныя ужо дарагія расійскія рублі.

Таму тое, што зараз ляжыць на паліцах, — ужо рэшткі старых закупаў. Цяпер імпарцёры спынілі адгрузкі.

"Зараз нідзе нічога не дастаць, каб хоць нешта было, — гавораць Еўрарадыё ў краме "Гіпа". — Таму што расійскія ўжо ніхто не возіць. Амаль нерэальна нічога дастаць. Амаль усе пастаўшчыкі спынілі адгрузкі".

Да таго ж, калі нехта захацеў выйсці на рынак, гандляваць беларускімі макаронамі даволі складана, бо нашы вытворцы гэта робяць самі, патлумачылі Еўрарадыё ў адной з фірмаў-экспарцёраў.

"Што датычыцца беларускіх вытворцаў, у іх апошнія гады даволі някепска развіта дыстрыбуцыя. Ці канкрэтна сядзяць структуры, якія прадаюць і займаюцца дыстрыбуцыяй. Таму, напэўна, калі чалавек збіраецца прадаваць макароны, якія па якасці і кошце дастаткова блізкія, то ён прапануе нешта новае".

Што ж, з макаронамі ўсё зразумела. Але не было канца нашаму здзіўленню, калі мы пабачылі ў бытавой краме пластыкавыя вёдры і ёршыкі для туалета расійскай вытворчасці. Няўжо ў Беларусі ніхто не можа выплавіць вядро?

Фота: mygazeta.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі