Рэдактар "Прэсбола": “Нашыя журналісты збяднелі двойчы”

З 1 жніўня “Прессбол” перастане прадавацца ў кіёсках Мінскай вобласці. Чаму? На гэтае пытанне ў жывым эфіры Еўрарадыё адказаў галоўны рэдактар выдання Уладзімір Беражкоў.

Уладзімір Беражкоў: Так здарылася, што прадпрыемства “Мінаблсаюздрук” не разлічваецца з намі за прададзеныя асобнікі газеты. І гэтая сітуацыя назіраецца са жніўня мінулага года! Перад гэтым таксама была гадавая запазычанасць па разліках з рэдакцыяй. Год таму мы з імі ў судовай справе высвятлялі адносіны і, зразумела, перамаглі тады, але нас папрасілі слёзна не здымаць штрафныя санкцыі з гэтага прадпрыемства, бо, так бы мовіць, яно ў цяжкім эканамічным становішчы.

Мы пайшлі насустрач. Але ў гэтым годзе сітуацыя паўтарылася… Мы зноў звярнуліся ў суд і ў судовай справе ўжо тры пасяджэнні і мы ніяк не можам дамагчыся выніку. Замест таго, каб разлічвацца з намі, “Мінаблсаюздрук”, гэты манапаліст на рынку рэалізацыі друкаваных выданняў, даслаў нам ліст, у якім ўвогуле прапануе разарваць дамову”.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што сітуацыя не звязана з крызісам, бо трывае ўжо больш за год?

Уладзімір Беражкоў: “Яна ўскладнілася тым, што зараз адбылася дэвальвацыя. Улічваючы, што яны са жніўня з намі не разлічыліся, гэта проста непрыстойна”.

Еўрарадыё: Колькі агулам грошай вам зараз вінен “Мінаблсаюздрук”?

Уладзімір Беражкоў: “150 мільёнаў за рэалізаваныя асобнікі. І плюс яшчэ пеня”.

Еўрарадыё: Як гэта адбіваецца на газеце? Ці ёсць вам чым плаціць заробак журналістам?

Уладзімір Беражкоў: “Журналісты збяднелі двойчы. Нашыя кішэні і так схуднелі, і мы зараз жывем далёка не так, як жылі ў красавіку і траўні. Але гэта тычыцца ўсей краіны, усіх жыхароў Беларусі. А тут яшчэ і гэтая праблема накладаецца… Для мяне сітуацыя проста дзікая. Відавочна, што з гэтай сітуацыі ў нас няма іншага выйсця, як перапыніць з “Мінаблсаюздрукам” усе адносіны”.

Еўрарадыё: Але ці вам верне “Белсаюздрук” тыя грошы, якія вінен?

Уладзімір Беражкоў: “Мы вядзем судовую справу. Але мне падаецца, што, на жаль, суд на баку дзяржавы і супраць прыватнікаў. Калі мы прыходзім у суд, суддзя пытае ў адказніка, ці прызнае ён гэтую запазычанасць. Ён адказвае, што прызнае. А калі будуць разлічвацца – яны не гатовы адказаць. Не гатовы, то суд чакае. На наступным паседжанні суд пытае, ці прызнаюць запазычанасць, яны прызнаюць. Калі будуць вяртаць і да якога – не ведаюць. І суд кажа: “Ну, ідзіце яшчэ падумайце”. Для мяне відавочна, што калі б на месцы адказніка быў я, мне б адразу вынеслі прысуд і аштрафавалі. А тут нейкая валакіта”.

Еўрарадыё: Тое, што вы будзеце разрываць дамову з “Мінаблсаюздрукам”, азначае, што у Мінску газету больш можна не чакаць?

Уладзімір Беражкоў: “Гэта сітуацыя тычыцца Мінскай вобласці, але за выключэннем Мінска. Я спадзяюся на змену кіраўніцтва “Мінаблсаюздруку”. Бо так быць не можа, каб ў такіх арганізацыях пад маркай дзяржаўнага прадпрыемства папросту “круціліся” грошы прадпрымальнікаў. З іншымі дзяржаўнымі ўстановамі ў нас ніякіх праблемаў няма”.

“Мінаблсаюздрук”: “Не думайце, што толькі “Прессбол” неаплачаны!”

Каб разабрацца ў сітуацыі, Еўрарадыё затэлефанавала ў РУП “Мінаблсаюздрук”.

“Я вам скажу так: я па дробязі даваў грошай кожнаму, і ўсе неяк былі нармалёва, – распавёў галоўны інжынер прадпрыемства Леанід Шачонак. – А тут нешта пачалі звяртацца праз заказную вытворчасць… І ўсталявалася чарга. Не толькі “Прессбол”, там усе, шмат хто там. Вы не думайце, што толькі “Прессбол” неаплачаны!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі