РСП: Не, мільянерамі нам ніяк не стаць! (Фота, Відэа)

120228 Malina RSP.mp3

Пагадзіцеся, заўсёды прыемна назіраць за прафесійным ростам сяброў-знаёмых-сваякоў, асабліва калі сочыш за імі амаль ад самага пачатку. Вось так і за гуртом "Разбітае сэрца пацана" Еўрарадыё пачало сачыць з часоў, калі музыкі не маглі сабраць аншлаг нават у маленькім "Графіці".

Мінула некалькі гадоў, і днямі, адкрыўшы дзверы Re:Public, мы ледзь не ляснуліся на падлогу. На прэзентацыю максі-сінгла "пацаноў" "Ч/Б", прыйшло больш за 500 чалавек. Канешне, не аншлаг для гэтага клубу, але мала беларускіх калектываў здольныя сабраць столькі народу на сольнік.

Рэпер Vinsent, якога Еўрарадыё злавіла на ўваходзе ў залу, прызнаўся, што даўно сочыць за творчасцю "Разбітага сэрца пацана". Маўляў, у іх свой абсалютна непаўторны для Беларусі калдырска-рокавы стыль, але ён захапляе сваёй шчырасцю.

"Асабліва мне падабаюцца такія хіты, як "Венесуэла", "Рокнрольшчык", — рэпер Vinsent пералічвае песні з максі-сінгла, у якіх ёсць палітычны падтэкст. — Там, з аднаго боку, паказаная абсурдная сітуацыя, якая складаецца ў краіне, а з іншага боку — яна праўдзівая, бо так жа і ёсць"!


Сам максі-сінгл хлопцы вырашылі выканаць у канцы праграмы, а да гэтага паўтары гадзіны гралі кампазіцыі з двух папярэдніх, паўнавартасных альбомаў. Таму на сур'ёзнасць тэкстаў новых трэкаў шмат хто звярнуў увагу, бо настрой песень "Ч/Б" заўважна адрозніваецца ад, так бы мовіць, старых хітоў.

"Я думаў будзе больш драйву, а яго не было, — каментуе максі-сінгл разгарачаны прыхільнік пасля канцэрту. — Ну, новыя песні больш самотныя, але сэнс у іх добры, спадабаўся. Праўда, больш мне падабаюцца іх старыя песні".

Аднак хлопец дадаў, што з задавальненнем яшчэ раз пайшоў бы на канцэрт РСП, нават калі б ён ладзіўся на наступны дзень. Адзінае, што псавала настрой, хоць, хутчэй за ўсё, гэта не датыкнулася публікі — ахова. Ахова — гэта заўсёды самыя дзіўныя прадстаўнікі клубных ды не толькі канцэртаў. Гэта людзі, якія, падаецца, нават размаўляць не ўмеюць, не кажучы ўжо пра разважаць.

"Жудасна, я такое ненавіджу, — выказаўся пра выступ РСП ахоўнік грымёркі, які не толькі не пускаў у яе нікога, але і не выпускаў адтуль саміх музыкаў. — Вось, каб вы "Сплин" прывезлі, я б з задавальненнем паслухаў".

І толькі падтанцоўка падчас канцэрту магла прыцягнуць увагу меламана на ахове. Праўда, паглядзець там і сапраўды было на што. Упершыню на сцэну з музыкамі выйшла спявачка "Гаротніцы" Валерыя Валадзько. Яна выступіла ў ролі бэк-вакалісткі і, як жартавалі музыкі, ледзі Гаагі.

А апранута Валерыя была адпаведна танцавальнаму дуэту "ЭВМ", якія гэтым разам быў ва ўдары. Яны палівалі прыхільнікаў вадою, змагаліся на сцэне за банан, ірвалі постэр Білана, цалаваліся, і гэта ўжо не ўзгадваючы пра эратычнасць іх рухаў ды вопраткі.

Карацей, яны рабілі ўсё, каб прыцягнуць увагу мужчынскай часткі аўдыторыі. І не безвынікова! Натоўп скандаваў "ЭВМ" хіба не часцей за "РСП". І гэта наштурхнула на думку, што большасць залы прыйшла зусім не дзеля песень "пацаноў"...

Але пасля канцэрту ў гардэробе вялікая група прыхільнікаў пераканала Еўрарадыё, што гэта не так. Праўда, пераконвалі дзяўчаты, а хлопцы тым часам адварочвалі твары. А праз якую хвіліну над чаргой панесліся радкі з песні "Жэншчыны".

Тым часам у грымёрцы РСП падводзілі вынікі канцэрта.

"Чотка! Чотка! Толькі шкада, што ў Re:Public атрымалася тое самае, што і ў "Графіці", — каментуе ўласны выступ ужо "крыху ўражаны" Дзяніс Тарасенка. — Прыйшла вельмі абмежаваная колькасць людзей, якой хапае толькі на біток! Біточак! Карацей, прыйшло тры біточкі... Не, мільянерамі нам ніяк не стаць!".

Больш як двухгадзінны выступ скончыўся адной песняй на біс, пасля якога натоўп не жадаў разыходзіцца і працягваў выклікаць музыкаў. Але не доўга, можа хвілін 10 — і ў клубе пачалася падрыхтоўка да наступнай, начной імпрэзы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі