Самай дзейснай санкцыяй Шушкевіч лічыць бясплатны шэнген

120322 Luka6uk Sankcyi.mp3

Размова за круглым сталом ў Сейме Літвы амаль адразу перайшла на абмеркаванне ўзроўню магчымага пашырэння санкцый ЕС. Невыязны Станіслаў Шушкевіч лічыць, што самай дзейснай санкцыяй супраць рэжыму стануць... бясплатныя візы для маладых беларусаў.


Станіслаў Шушкевіч: “Зрабіце бясплатнымі візы ў шэнгенскую зону для моладзі Беларусі! Каб студэнт не эканоміў цэлы год і не плаціў 60 еўра, каб з’ездзіць адзін раз за мяжу, а каб у любы момант мог паехаць да вас — гэта будзе самай дзейснай санкцыяй!”



Што тычыцца эканамічных абмежаванняў — паводле Шушкевіча, гэта справа краін ЕС, ён не мае права даваць нейкія парады.


Палітолаг Юрый Чавусаў ідзе яшчэ далей і сцвярджае, што не мае сэнсу казаць пра нейкія санкцыі, пакуль ЕС не займее доўгатэрміновай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі. Зараз яе няма.


Юрый Чавусаў: “Санкцыі з’яўляюцца сінонімам ізаляцыі. Спачатку санкцыі візавыя, потым — эканамічныя, а потым Еўрасаюз пазбавіцца хоць нейкіх каналаў уздзеяння на сітуацыю ў Беларусі. Павінна быць мэта, а потым можна казаць пра тое, якія могуць быць магчымыя абмежавальныя захады, якія могуць быць захады заахвочвальныя і як павінна адбывацца іх узаемадзеянне”.



Лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч — за пашырэнне спісу неўязных з пазначэннем, за што. І выступае супраць шырокіх эканамічных санкцый.


Аляксандр Мілінкевіч: “Я заўсёды быў за візавыя санкцыі самыя шырокія. Я хацеў бы, каб там была тысяча, дзве тысячы людзей — усе, хто парушае законы, выкідае студэнтаў з універсітэтаў, выкідае з працы, тыя, хто судзіць, пракуроры, якія выносяць прапановы па прысудах. Я б усіх іх уключаў у гэты спіс з указаннем — за што. Я за кропкавыя санкцыі эканамічныя і катэгарычна супраць шырокіх эканамічных санкцый”.



Эканамічныя санкцыі, як мяркуе Мілінкевіч, адразу вядуць да зніжэння праеўрапейскіх настрояў ды рэйтынгу апазіцыі і ўдараць па дабрабыце простых людзей.


Аляксандра Мілінкевіча ў гэтым падтрымлівае і прадстаўнік “Еўрапейскай Беларусі” Павел Марыніч. Але ён ідзе далей і прапануе кропкавыя эканамічныя санкцыі супраць не толькі асобных алігархаў, але і асобных прадпрыемстваў. Чамусьці ён думае, што гэта ўратуе іх ад продажу расіянам ці кітайцам.


Павел Марыніч: “Калі Еўропа ўвядзе санкцыі супраць часткі самых важных прадпрыемстваў, гэта пойдзе на карысць гэтым прадпрыемствам. Ні расійскі, ні кітайскі бізнэсмен не стане набываць прадпрыемства, на якое накладзеныя санкцыі Еўрасаюза і Амерыкі — гэта неліквідны тавар. Гэтым можна выратаваць распродаж Беларусі”.


Палітуцякач Віктар Гарбачоў наўпрост да “шырокіх эканамічных санкцый” не заклікае. Але сумняваецца, што санкцыі б’юць па простых людзях.


Віктар Гарбачоў: “18 гадоў народ не пакутаваў, а вось зараз санкцыі ўвядуць — і народ пацерпіць? Зараз заробак у людзей 120-200 долараў, і падлічыце мне, сацыёлагі-псіхолагі, наколькі пацерпіць народ? І канкрэтна адказаць не могуць. А народ і так пакутуе”.



Нечаканую рысу пад спрэчкай падводзіць гісторык Валянцін Голубеў: маўляў, народ таксама адказны.


Валянцін Голубеў: “Народ нясе такую ж адказнасць, як і палітыкі — народ так ж суб’ект палітыкі. І калі народ нешта не зрабіў (для змены сітуацыі ў краіне. — Еўрарадыё), то ён павінен гэта перажыць, ён мусіць за гэта адказваць”.



Тым часам літоўскі міністр замежных спраў павёз у Брусэль прапановы па “мяккіх” санкцыях. І меркаванне беларускіх дэмакратаў падчас складання гэтай “рэзалюцыі” не ўлічвалася — спрэчкі праходзілі ў адзін дзень, у адным будынку, але ў розных памяшканнях.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі