Сацыяльнае жыллё для спецназу пабудуюць нягледзячы на пратэсты мінчукоў
Сацыяльнае жытло ў мінскім мікрараёне Уручча-2 для спецназаўцаў ды іншых дзяржслужбоўцаў пабудуюць нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў.
Так заявілі жыхарам мікрараёна чыноўнікі з адміністрацыі Першамайскага раёна на сустрэчы 15 лютага. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў сябра аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі “Еўрапейская перспектыва” Дзяніс Кобрусеў.
Кобрусеў: “Людзі даказвалі, што немагчыма будаваць, бо няма месца, няма пад’ездаў, няма парковак ды дзіцячых пляцовак. А чыноўнікі і архітэктары Першамайскай адміністрацыі даказвалі, што ўсе экспертызы пройдзеныя, усе нормы выконваюцца і ўсім будзе жыць толькі лепш. І ніякіх звышнагрузак на паліклінікі ды дзіцячыя садкі не будзе. Адміністрацыя цвёрда стаіць на тым, што трэба будаваць. Як сказаў намеснік кіраўніка адміністрацыі, будаўніцтва пачнуць, як толькі сыйдзе снег, і нічога яму не перашкодзіць”.
Жыхары мірыцца з гэтым не хочуць. Яны плануюць не толькі пісаць скаргі ў Мінгарвыканкам і прэзідэнцкую адміністрацыю, але ладзіць пікеты на будаўнічых пляцоўках, калі там пачнуцца працы.
Дарэчы, на сустрэчу мясцовых жыхароў з чыноўнікамі арганізавалі падвезлі будучых жыхароў запраектаваных дамоў – сілавікоў з палка спецыяльнага прызначэння. Яны занялі некалькі першых шэрагаў у актавай зале. Але, кажа Кобрусеў, яны моўчкі прасядзелі ўсе дзве гадзіны, што цягнулася сустрэча. Ад імя падначаленых выступаў афіцэр, які спрабаваў давесці мясцовых жыхарам, што спецназаўцы — таксама людзі і ім недзе трэба жыць.
Вось толькі чаму трэба будавацца менавіта ў мікрараёне Уручча-2, ніхто з чыноўнікаў так і не адказаў.