Савет ЕС: Будзем пашыраць "чорны спіс", пакуль не вызваляць палітвязняў

У сваім заключэнні Савет ЕС яшчэ раз падкрэслівае, што не адмовіцца ад палітыкі санкцый, пакуль у Беларусі ёсць палітычныя зняволеныя.

"Паколькі палітычных не вызвалілі і не рэабілітавалі, а таксама ўлічваючы далейшае пагаршэнне сітуацыі, Савет ЕС вырашыў дадаць у спіс абмежаванняў на паездкі і замарозку актываў дадатковых асобаў, адказных за сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека альбо рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі. Савет таксама вырашыў дадаць у забаронны спіс новых бізнесоўцаў і кампаніі, што маюць выгоду ад рэжыма ці падтрымліваюць яго, і будзе пашыраць яго на далейшых паседжаннях Савета, калі ўсе беларускія палітычныя зняволеныя не будуць вызваленыя".

Савет заклікае да неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх астатніх палітычных зняволеных, асуджае адмову па апеляцыі правааборанцы Алеся Бяляцкага і турэмны прысуд актывісту Сяргею Каваленку. Еўрапейскія міністры "вельмі заклапочаныя" дакладамі аб катаваннях і нечалавечых турэмных умовах палітычных зняволеных экс-кандыдатаў Андрэя Саннікава і Мікалая Статкевіча, актывістаў Дзмітрыя Бандарэнкі, Дзмітрыя Дашкевіча і Мікалая Аўтуховіча. Заключэнне Савета ЕС асуджае смяротныя пакаранні Кавалёву і Канавалаву, і заклікае ўвесці мараторый на смяротную кару.

Савет ЕС заклікае беларускія ўлады спыніць ціск на дзеячоў апазіцыі, праваабаронцаў, журналістаў і грамадзянскую супольнасць і не абмяжоўваць іх свабоду перамяшчэнняў, а таксама паважаць дыпламатычны імунітэт і прывілеі еўрапейскіх дыплатаў і спыніць на іх ціск і запалохванне.

Асобны пункт прысвечаны перспектывве правядзення хакейнага чэмпіянату свету ў Беларусі ў 2014 годзе. Савет ЕС "будзе інфармаваць Міжнародную хакейную федэрацыю і нацыянальныя федэрацыі аб сваім глыбокім занепакоенні аб адсутнасці ў Беларусі пашаны да правоў чалавека, вяршэнства права і прынцыпаў дэмкратыі".

Савет ЕС паўтарае гатоўнасць пачаць перамовы аб візавым спрашчэнні і дамовах аб рэадмісіі і "вельмі шкадуе аб неканструктыўнай пазіцыі беларускіх уладаў у выглядзе пакідання без адказу накіраванага ў чэрвені 2011 года ліста аб запрашэнні пачаць такія перамовы".

У заключэнні гаворыцца, што ЕС працягвае палітыку супрацоўніцтва і падтрымкі беларускага народа і грамадзянскай супольнасці і вітае запуск "Еўрапейскага дыялога аб мадэрнізацыі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі