Сёлета адпачываць за мяжу паедзе ў два разы менш беларусаў

Пра турыстычны сезон 2011 года Еўрарадыё размаўляла з рэдактарам “Турызма і адпачынку” Ліліяй Кобзік.


“Мы па-ранейшаму бяжым за паравозам, але цяпер мы ўжо бяжым і задыхаемся. У людзей няма валюты, у турфірм няма дастаткова кліентаў, а трэба развівацца. Бо калі ты не развіваешся, то ты дэградуеш… І вось мы бяжым і задыхаемся, хаця даўно павінны былі сесці і паехаць”.


Нягледзячы на недахоп валюты і крызіс, адпачываць беларусы ўсё адно паедуць. Але не ўсе, і восенню, - працягвае Лілія Кобзік:


“Людзі адпачываць паедуць. Але сітуацыя будзе абсалютна іншай, паедуць не так, як у мінулым годзе. Будуць іншыя цэны, іншыя варыянты маршрутаў, інакш пабудуюцца сезонныя пікі. Хто ж вытрымае жнівеньскія кошты? Большы пік прыйдзецца на верасень і, магчыма, на кастрычнік. Будзем прыстасоўвацца, але ўсё адно нашы людзі адпачываць паедуць.


Умоўна кажучы, кліенты падтрымаюць турбізнэс, і ўсё ж такі паедуць. Няхай і 50% ад мінулага году (летась гэты паказчык склаў каля 300 тысяч). Гэта дрэнны прагноз, але нават ён дасць магчымасць захаваць кантакты і павагу да нашага рынку”.


Яшчэ адна асаблівасць турыстычнага сезону-2011 – будзе вельмі цяжка зразумець, што адбываецца!


Кобзік: “Будзе яшчэ цяжэй адсачыць, бо паедуць абсалютна рознымі шляхамі – будуць самі браніраваць таннае жыллё, дамы і вілы. Будуць самі лётаць бюджэтнымі перавозчыкамі з Вільні і Кіева. Паедуць, безумоўна, праз Маскву і Кіеў пры дапамозе тамашніх аператараў. Мы ж гэтыя плыні не падлічым. Вось у чым справа – мы нават не зразумеем, што адбываецца!”.


Хутка на сайце Еўрарадыё чытайце інтэрв’ю цалкам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі