Пытанне падчас тэледэбатаў: вы Ярмошыну паважаеце, пра боршч чулі? (відэа)

У аўторак на тэлеканале "Беларусь-2" прайшлі дэбаты кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія балатуюцца па Паўднёва-Заходняй акрузе № 99 у Мінску.

У студыі былі вядомы сатырык Яўген Крыжаноўскі, дзейная дэпутатка, намесніца старшыні Беларускага саюза жанчын Святлана Шылава і старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, даверная асоба кандыдата Уладзіміра Раманоўскага.

Лічыцца, што Шылава з'яўляецца так званым "кандыдатам ад улады". Крыжаноўскі, які прадстаўляў Ліберальна-дэмакратычную партыю, падчас дэбатаў некалькі разоў яе "атакаваў".

"Святлана Дзмітрыеўна дапамагала нарадзіцца маёй маленькай Ксюшцы (Шылава — лекар-гінеколаг — Еўрарадыё), — пачаў Яўген Крыжаноўскі. — Аднак хопіць аднаго тэрміну! Прафесія вас чакае, вяртайцеся!... Трэба вяртацца ў сям'ю!"


Шылава, збітая з панталыку, нешта казала пра тое, што яна "аказвала медычную дапамогу сваім выбарцам"...

Праз некалькі хвілін Крыжаноўскі задаў ёй новае пытанне: "Вы паважаеце Ярмошыну Лідзію Міхайлаўну? Гэта ж яна сказала: "Жанчыны, не займайцеся палітыкай, варыце баршчы!"


"Лідзія Міхайлаўна мае права на такія заўвагі... я паважаю яе", — адказала сатырыку і кандыдату дэпутатка Святлана Шылава.

Анатоль Лябедзька падчас дэбатаў гаварыў пра тое, што "сістэма ў Рэспубліцы Беларусь у тупіку: эканамічным, фінансавым, сацыяльным, маральным", што народ співаецца, што мільён беларусаў — гастарбайтэры ў Расіі. Але галоўная праблема, паводле Лябедзькі, "адсутнасць сумленных і свабодных выбараў". Ён нагадаў, што ў краіне ёсць палітзняволеныя, а пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў адразу 7 кандыдатаў у прэзідэнты трапілі за краты. Таксама Лябедзька заявіў, што ў Беларусі ёсць "палітычная цэнзура", таму 20 кандыдатаў у дэпутаты-сяброў АГП не трапілі ў тэлеэфір.

Фота — telegraf.by, rebenok.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі