Споўнілася 15 гадоў рэферэндуму-1996
Еўрарадыё пагартала архіўныя фота тых гадоў і пабачыла там Саннікава, Захаранку, Завадскага, Шарэцкага, а таксама Лукашэнку пад бел-чырвона-белым сцягам.
Роўна 15 гадоў таму, 24 лістапада 1996 года ў Беларусі адбыўся “другі з двух” рэферэндумаў. На першым, 14 траўня 1995 года больш за тры чвэрці насельніцтва выказаліся за наданне рускай мове “роўнага статуса з беларускай” і замены бел-чырвона-белага сцяга і “Пагоні” на сённяшнюю сімволіку. Тады ж беларускі народ “волевыявіўся” за далейшы курс на яднанне з Расіяй і за тое, каб прэзідэнт у выпадку неабходнасці мог датэрмінова распусціць Вярхоўны Савет. На Рэферэндум 1996 года Лукашэнка вынес 4 пытанні, ячшэ 3 вынес парламент. З адлегласці зразумела, што прынамсі пяць пытанняў з сямі былі “дэкарацыямі”: пра прыватную ўласнасць на зямлю, смяротнае пакаранне, выбарнасць старшыняў аблвыканкамаў, адкрытым і выключна бюджэтным фінансаванні ўсіх галінаў улады, а таксама прапанова парламента ліквідаваць у Беларусі пасаду прэзідэнта. Трохі больш важным пытаннем для Лукашэнкі быў перанос Дня Незалежнасці з 27 ліпеня (дзень прыняцця Дэкларацыі аб сувернітэце Беларусі) на 3 ліпеня (дзень вызвалення Мінска ад фашыстаў).
Галоўным жа пытаннем былі папраўкі ў Канстытуцыю, прапанаваныя Лукашэнкам. Прыняцце іх дало яму права пачаць “з нуля” свой адлік прэзідэнцкага тэрміну.
Фактычна у гэты дзень – 24 лістапада 1996 года – скончылася адліга, найноўшая хваля Адраджэння ў Беларусі, якая цягнулася ад моманту распада Савецкага Саюза.
У 15-ю гадавіну рэферэндума Еўрарадыё пагартала фотаальбом тых гадоў, каб прыгадаць некаторыя падзеі і асобы.
Прэзідэнт Лукашэнка пад бел-чырвона-белым сцягам і "Пагоняй". Не пазней за сярэдзіну 1995 года. Крайні злева - зніклы ў 1999 годзе Юрый Захаранка, тагачасны міністр унутраных спраў
Тады ахова Лукашэнкі ездзіла на "мэрсэдэсах" выпуска канца 1980-х гадоў
Адзін з "Чарнобыльскіх Шляхаў" той пары
Калі павялічыць, то можна пабачыць крайняга злева Віктара Івашкевіча і крайняга справа - Ігара Мяфодзевіча Чарняўскага, тагачаснага старшыню мандатнай камісіі БНФ, а цяпер - начальніка Дэпартамента па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Мінкульта.
Аляксандр Лукашэнка выступае на дзясятых угодках Чарнобыля на пацярпелай тэрыторыі
Злева направа: Міхаіл Мясніковіч, Леанід Мальцаў, Сямён Шарэцкі. Справа Міхаіл Чыгір, мітрапаліт Філарэт
Перадача дапамогі "чарнобыльскім" дзецям. У цэнтры - Урал Рамдракавіч Латыпаў (злева) і Андрэй Алегавіч Саннікаў -- тагачасны намеснік міністра замежных справаў
Аляксандр Лукашэнка і хлопчык
Аляксандр Лукашэнка і дзеці
Падпісанне нейкай дамовы, яшчэ пад бел-чырвона-белым сцягам. Стаіць крайні справа...
...Андрэй Саннікаў
Ужо пад новымі дзяржаўнымі сімваламі. Злева за сталом можна пабачыць Сяргея Лінга (прэм'ер-міністр Беларусі ў 1996-2000-х гадах) і Леаніда Гуляку, цяперашўняга старшыню Камітэта па рэлігіях і нацыянальнасцях
Канцэрт для "чарнобыльскіх" дзетак. Здымае яго...
...аператар Дзмітры Завадскі
Прэзідэнт Лукашэнка на забружаных ад Чарнобыля тэрыторыях
І напрыканцы - звыклая карцінка пятнаццацігадовай даўніны, якая не моцна змянілася за гэты час