Сёння ўганаруюць “чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасці"
Асамблея НДА ўжо ў трэці раз уручыць прэмію грамадскім актывістам.
Вось што распавёў Еўрарадыё кіраўнік выканаўчага бюро Асамблеі Сяргей Лісічонак:
"Гэта прэмія падкрэслівае тыя дасягненні, якія здарыліся за мінулы год у жыцці грамадзянскай супольнасці Беларусі. Яна адзначае тыя выбітныя ініцыятывы грамадскіх актывістаў, якія зрабілі свой унёсак у грамадскае жыццё краіны альбо агулам у жыццё грамадзянскай супольнасці".
Прэмія будзе ўручацца ў дзесятку намінацый, кажа Лісічонак. Сярод іншых будзе названы "грамадскі лідар года". Аднак да цырымоніі ўзнагароджання, якая адбудзецца сёння ў "Арт-сядзібе" (пачатак а 18-й), прозвішчы намінантаў трымаюць у таямніцы.