Сёння завяршаецца V Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва "Панарама"
Яго закрые вячэрні паказ спектакля "Выкраданне Еўропы, або Тэатр Уршулі Радзівіл" Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля - мастацкі кіраўнік Купалаўскага Мікалай Пінігін. У аснову пастаноўкі ляглі арыгінальныя тэксты твораў Францішкі Уршулі Радзівіл. Па словах Пінігіна, гэта спроба адрадзіць тэатр барочнага тыпу, які існаваў у Беларусі ў XVIII стагоддзі. Прэм'ера спектакля з поспехам прайшла вясной бягучага года.
Фестываль "Панарама" стартаваў 20 лістапада. Гледачам было прадстаўлена дзевяць спектакляў - працы тэатральных труп з Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Венгрыі, паведамляе БелаПАН.