“Серебряная Cвадьба” рыхтуе “несіропны” канцэрт для дзяцей

Кабарэ-бэнд "Серебряная Свадьба" ладзіць канцэрт, на які дарослыя могуць прыйсці разам з дзецьмі. Як кажа лідар каманды Бенька, на звычайны канцэрт "Серебряной Свадьбы" з дзецьмі асабліва не прыйдзеш: у памяшканні бывае напалена, многа п’янай і развязанай публікі, нецэнзурнай лексікі ці нечага ў гэтым родзе — усяго таго, што замінае людзям прыходзіць на канцэрты з дзецьмі.


"Як мы разумеем, аналізуючы гэтую імпрэзу, канцэрт не зроблены гэтакім сіропным ці проста відавочна дзіцячым, — распавядае Бенька. — І людзі, якія любяць нашу музыку, могуць прыйсці разам са сваімі дзецьмі. Дзеці не атрымаюць тут негатыўнай ці небяспечнай для сябе інфармацыі, ці проста інфармацыі не прызначанай для дзяцей. Для іх тут знойдзецца шмат цікавага"


У праграме пад назвай "Музыка — всё" прадугледжана шмат інтэрактыву, дзе разам можна спяваць, танцаваць, гуляць і нават іграць музыку. Назва імпрэзы таксама не выпадковая — усё ў свеце гучыць! Прадметы, арганізмы, істоты ствараюць асаблівую музыку, якая ў свеце гучыць заўжды, і трэба слухаць кожны міг свайго жыцця, лічаць музыкі.


У праграму ўвойдуць старыя і новыя песні "Серебряной Свадьбы", а таксама кампазіцыі адмыслова напісаныя для гэтай праграмы. "Музыка — всё" доўжыцца прыкладна гадзіну і разлічана на дзяцей самага рознага ўзросту. Музыкі ўжо прадставілі імпрэзу піцерскім гледачам і, узрушаныя вынікам, падумваюць развіваць яе і зрабіць рэгулярнай. Дзяцей у горадзе вельмі шмат, кажа Бенька, і хочацца, каб яны слухалі якасную музыку!


Нагадаем, што праграма "Музыка — всё" будзе прадстаўленая ў Loft cafe, 16-га снежня, а 14-ай гадзіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі