Шапіра: звольніць з універсітэта Чарнякевіча загадаў я

Адбылося гэта падчас прадстаўлення новага рэктара — Андрэя Караля. Як паведамляе тэлеканал "Белсат", Сямён Шапіра прызнаўся, што наконт звальнення гісторыка Андрэя Чарнякевіча ён "даваў загад... асабіста". “Напісалі падручнік і надрукавалі за мяжою. За чые грошы?" — пытаўся старшыня аблвыканкама. Шапіра згадаў, што былы рэктар Яўген Роўба марудзіў са звальненнем Чарнякевіча.

Нагадаем, што Андрэя Чарнякевіча (на здымку) ў верасні 2012 года звольнілі з Гродзенскага ўніверсітэта, нібыта, "за парушэнне працоўнай дысцыпліны". Чарнякевіч — адзін з аўтараў падручніка "Гродназнаўства", выдадзенага "Гарадзенскай бібліятэкай" у Польшчы. Кніга набыла скандальную вядомасць пасля таго, як гродзенскія ўлады сталі пераследаваць яе аўтараў.

Як інфармуе "Белсат", таксама Сямён Шапіра, нібыта, падзяліўся з прысутнымі, што рэгулярна чытае зводкі КДБ і ведае ўсё: “Ва ўніверсітэце 16 чалавек, якія заклікаюць звергнуць уладу”.

На здымку зверху: міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі і Сямён Шапіра, лістапад 2012 года. Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі