Шэсць машын ДАІ гналіся па праспекту Незалежнасці за “Мэрсэдэсам”
Пагоня адбылася ў Мінску днём 3 кастрычніка.
Пазадарожнік "Мэрсэдэс" уцякаў ад міліцыянтаў па праспекце Незалежнасці, вуліцах Бабруйскай, Ульянаўскай, Свярдлова, Аранскай і па Партызанскім праспекце. Аднак марна. Міліцыянты машыну дагналі.
За яе рулём сядзеў кіроўца, якога прыкладна месяц таму пазбавілі правоў, інфармуе БелаПАН. На яго склалі 8 пратаколаў за парушэнне правілаў дарожнага руху. Інспектарам мужчына патлумачыў, што не спыняўся, бо не заўважыў пагоні.