Штангістка Настасся Новікава: Суддзі адабралі ў мяне алімпійскі медаль

У панядзелак на Алімпіядзе ў Лондане былі разыграныя медалі ў цяжкай атлетыцы ў катэгорыі 58 кілаграмаў у жанчын.

Беларуска Настасся Новікава (бронзавая медалістка Пекіна) выступіла не зусім упэўнена — некалькі яе выхадаў скончыліся няўдачай. Да таго ж дзве спробы чамусьці не былі залічаныя суддзямі.

У выніку, з сумай 230 кілаграмаў (103+127) яна заняла сёмае месца. "Золата" выйграла кітаянка Лі Сюэін — 246 кг (108+138), "срэбра" — у Пімсіры Сірыкаеў з Тайланда — 236 (100+136), "бронза" — ва ўкраінкі Юліі Каліны — 235 (106+129).

Як паведамляе БЕЛТА, трэнеры Новікавай збіраюцца падаваць апеляцыю на рашэнне суддзяў. "Пратэст будзе пададзены, але па правілах спаборніцтваў на вынік гэта не паўплывае, — кажа галоўны трэнер зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы Аляксандр Ганчароў. — ...На жаль, суддзі пабачылі тут памылку і адабралі ў чалавека алімпійскі медаль, які ён заслугоўваў".

"У рыўку ў мяне звычайна мала што атрымліваецца, — гаворыць Настасся Новікава ў інтэрв'ю "Прессболу". — Хаця на трэніроўках усё нармальна выходзіць. А тут не атрымалася. Што датычыць штуршка… Паступова прыходжу да сябе пасля таго, што адбылося. Вы самі ўсё бачылі. Апошні падход быў самым лепшым. Не ведаю, што там не спадабалася. Будзем падаваць апеляцыю. Што я магу сказаць? Адабралі медаль...".

Суддзі, нібыта, патлумачылі незалічэнне спробы тым, што Новікава "ўзяла штангу на грудзі і стала яе раскачваць". Штангістка на гэта адказвае, што "дыскі самі балансавалі". "Што, мне трэба было стаяць і чакаць хвіліну, пакуль яны супакояцца? Я лічу, што рух быў выкананы ў тэмпе: штанга ўзятая на грудзі, пасля папраўка адбылася, і быў штуршок", — кажа яна.

Фота — daylife.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі