Штодня ў Беларусі у выніку суіцыду і ад алкаголю памірае каля 13 чалавек

Пра стан здароўя беларусаў разважалі медыкі з усіх куткоў краіны. 3 сакавіка адбылася выніковая калегія Міністэрства аховы здароўя.


Намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік выказаў занепакоенасць тым, што ў Беларусі працягвае скарачацца колькасць насельніцтва:


“Нас і так сёння менш за 10 мільёнаў. Толькі падумайце: за 10 гадоў мы згубілі мільён нашых грамадзянаў. Калі так пойдзе і надалей — праз 100 гадоў нас з вамі не застанецца… Дзеля чаго тады мы ўсе з вамі тут “карачымся”?”

Колькасць памерлых ад усіх прычынаў у параўнанні з 2009 годам павялічылася на 1,7%. Самы высокі паказчык смяротнасці — у Віцебскай вобласці (16,7%), а таксама Мінскай (16,4%). Пры гэтым смяротнасць людзей працаздольнага ўзросту знізілася.


Па-ранейшаму першыя месцы сярод прычынаў смяротнасці займаюць сардэчна-сасудзістыя захворванні (53,8%). 13,4% усіх смерцяў прыпадае на анкалагічныя захворванні, траціна — на знешнія прычыны.


У параўнанні з 2009 годам, летась колькасць памерлых ад вонкавых фактараў вырасла на 1,5%.


“Самазабойствы, атручванні алкаголем, транспартныя траўмы, утапленні з’яўляюцца асноўнымі прычынамі смерці ў гэтым класе. Гэтыя лічбы выклікаюць сур’ёзную занепакоенасць”, — адзначыў падчас калегіі міністр аховы здароўя Васіль Жарко.


За 2010 год у Беларусі зафіксавана 9997 выпадкаў смерці ад знешніх прычынаў. З іх у выніку самазабойстваў і алкагольных атручванняў летась памерлі амаль 5 тысяч чалавек.


“Людзі нараджаюцца і сыходзяць з жыцця, гэта натуральна. Але паглядзіце па мінулым годзе, колькі мы згубілі. Гэтыя лічбы проста ўражваюць, — кажа Анатоль Тозік. — Усяго 9997 чалавек. 10 тысяч абсалютна неапраўданых смерцяў.Сярод іх 2407 — атручванні алкаголем, 1185 — смерці ў ДТЗ, 2474 — самазабойствы, 1485 — ад злачынстваў, 1110 — на пажарах, 1104 — смерці на вадзе, 232 — на вытворчасці”.


Падчас калегіі закранулі таксама пытанне заробкаў у сферы аховы здароўя. У 2010 годзе сярэднемесячны заробак медыкаў ў Беларусі склаў 982,9 тысяч рублёў, або 328 долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі