Штогод з краінаў ЕС высылаюць амаль 2 тысячы беларускіх нелегалаў
У сваю чаргу, яшчэ большую колькасць замежнікаў з сваёй тэрыторыі дэпартуе Беларусь.
Летась краіны ЕС выслалі ў Беларусь 1905 нелегалаў. Прычым больш за ўсё нашых высылаюць Польшча і Літва. У мінулым годзе польскія і літоўскія міграцыйныя органы дэпартавалі ў Беларусь 1020 беларусаў.
"Лідарства" суседніх Літвы і Польшчы па дэпартацыі беларусаў натуральна тлумачыцца тым, што ездзяць туды беларусы часцей за іншыя краіны ЕС. Цікава, што за Літвой і Польшчай па колькасці заўважаных беларускіх нелегалаў ідуць Швецыя (325 чалавек, з іх 250 чалавек выслана), і Нямеччына (215 чалавек).
Калі чалавек парушае ўмовы знаходжання на замежнай тэрыторыі (пратэрмінаваная віза, ці ўчыненае правапарушэнне), ці калі ўцекачу адмаўляюць у запрошаным прытулку ды ён адмаўляецца добраахвотна вярнуцца, то міграцыйныя органы прымаюць рашэнні аб дэпартацыі, ці, іначай кажучы, высылцы. Фактычна гаворка ідзе пра выдаленне краінамі нелегалаў з сваёй тэрыторыі.
Кіруючыся прынцыпамі міжнароднага права і сваімі каштоўнасцямі ў галіне правоў чалавека, ЕС намагаецца зрабіць гэты працэс як мага меней непрыемным.
Ранейшыя словы еўракамісара па ўнутраных справах Сесіліі Мальстром: “Дырэктыва па вяртанні нелегальных мігрантаў вызначае абавязкі чалавечага абыходжання, надае прыярытэт добраахвотнаму вяртанню, абмяжоўвае тэрмін затрымання і на першы план выносіць пашану да сямейнага жыцця. Гэты дакумент ёсць галоўным адпраўным пунктам для няўрадавых арганізацый, праўнікаў і судоў, актыўных у міграцыйнай сферы.”
Цікава, што Беларусь штогод высылае са сваёй тэрыторыі прыблізна такую ж колькасць замежнікаў. Напрыклад, у 2009 г. органы ўнутраных спраў дэпартавалі 2017 чалавек, за першае паўгоддзе 2012 г. – 1004. Сярод іх – вялікая колькасць нелегалаў, у тым ліку транзітных нелегалаў, што меркавалі перабрацца ў ЕС. У верасні 2012 г. Аляксандр Лукашэнка публічна заявіў з гэтай нагоды:
“Ідзе жудасная міграцыя ў Еўропу. Мне сілавікі дакладаюць, што ўжо стаміліся лавіць на мяжы людзей з выбухоўкай. У нас ужо не хапае грошай лавіць тых, хто ідзе ў Еўропу. Я ўжо даваў еўрапейцам сігнал, што мы не можам іх абараніць ад усяго хлама, што ідзе праз нашую мяжу, за нас кошт”
Апрача выпадкаў дэпартацыі ў сувязі з пратэрмінаванай візай альбо відам на жыхарства, ці ўчыненым злачынствам у замежнай краіне, асобную катэгорыю складаюць асобы, што атрымалі адмову ў задаволенні заяўкі на атрыманне прытулку і не жадаюць вяртацца назад добраахвотна. Выглядае, што шмат, калі не большасць выпадкаў такіх дэпартацый з Нідэрландаў (135) належыць менавіта да гэтай катэгорыі.