Шведскі эксперт: Кошт беларускай АЭС можа вырасці да 20 мільярдаў долараў
На думку дацэнта шведскага ўніверсітэта Філіпа Пэка, астравецкая атамная станцыя абыдзецца у 2-3 разы даражэй, чым запланавана. Пра гэта сведчыць вопыт будаўніц
Ніводная з атамных станцый, што нядаўна будаваліся ў свеце, не абыходзілася адведзенай пачатковым праектам сумай. Кошт АЭС заўсёды падвойваўся і патройваўся. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў спецыяліст па альтэрнатыўнай энергетыцы, дацэнт шведскага ўніверсітэта ў Лундзе Філіп Пэк.
Ён выступіў з дакладам на круглым стале "Энергетычнага клуба" ў Мінску 11 сакавіка. Гэтае мерапрыемства арганізавалі Офіс за дэмакратычную Беларусь, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў з дапамогай еўрапейскіх партнёраў.
Філіп Пэк: "Я ўпэўнены, што 9 мільярдаў могуць лёгка стаць 20-цю. А іх можна інвеставаць у мноства розных альтэрнатыўных відаў энергіі, і не ў адным месцы, а па ўсёй краіне. У якасці прыкладу паглядзіце на будаўніцтва атамнай станцыі ў Фінляндыі".
Фіны планавалі запусціць трэці рэактар атамнай станцыі ў Олкілуота ўвесну 2009 года. Але праект спазняецца сама мала на тры з паловай гады і абыходзіцца ўдвая больш за запланаваную суму.
Філіп Пэк: "Мы ведаем, што звычайна атамныя станцыі будуюць вялікія заможныя краіны. У рэгіёне іх будуе толькі адна маленькая краіна — Фінляндыя. Гэта малая заможная краіна. Беларусь таксама малая, але незаможная. Яна не мае прыватных інвестараў. Таму АЭС будуць узводзіць за ўрадавыя — значыць, вашыя, грамадзянаў Беларусі — грошы".
Філіп Пэк растлумачыў, чаму дзяржава схільная рабіць стаўку менавіта на атамную энергетыку.
Філіп Пэк: "Я разумею іх мысленне: яны ведаюць, як працуюць атамныя станцыі, і тое, што калі пабудуюць АЭС, то ў іх будзе энергія. Яны ўспрымаюць АЭС больш матэрыяльна, чым розныя віды альтэрнатыўнай энергіі. Улады, у асаблівасці постсавецкія, любяць ідэальныя вялікія рашэнні".
Але гэта не заўсёды разумны ход, бо тэхналогіі рухаюцца наперад, адзначыў Філіп Пэк. Паводле яго словаў, Беларусь мае шмат перспектыўных варыянтаў развіцця альтэрнатыўных відаў энергіі.
Філіп Пэк: "Падобна, што з ветракамі Беларусь мае такі самы патэнцыял, як, скажам, Швецыя альбо Польшча. Маецца гіганцкі патэнцыял выкарыстання адкідаў ад лясной прамысловасці. Апрача таго, сельскагаспадарчыя адкіды ад розных зерневых культур".
Да таго ж Беларусь можа абмежавана выкарыстоўваць залежы торфу і бурага вуглю, адзначае спецыяліст.
Адзін з арганізатараў "Энергетычнага клубу" старшыня Офіса за дэмакратычную Беларусь Вольга Стужынская адзначыла Еўрарадыё, што альтэрнатыўная энергетыка ў Беларусі толькі пачынае развівацца.
Вольга Стужынская: "Пытанне развіцця альтэрнатыўнай энергетыкі ў Беларусі ўвогуле знаходзіцца на самым пачатку. І дыскусія толькі пачынаецца. Таму, нягледзячы на рашэнне будаўніцтва атамнай станцыі, пытанне застанецца актуальным".
Згодна з яе словамі, мэта "Энергетычнага клуба" — стварыць больш-менш сталую платформу для абмеркавання пытанняў энергетыкі ў Беларусі з удзелам як дзяржаўных, так і незалежных беларускіх, а таксама еўрапейскіх экспертаў.
Фота: beyondnuclear.org