Швейцарцы гулялі, як аркестр, а беларусы імправізавалі кожны сам па сабе

Гульню супраць зборнай Швейцарыі, якую беларусы прайгралі 4:1, віцэ-прэзідэнт КХЛ Уладзімір Таржкоў назваў матчам нявывучаных урокаў. Са швейцарцамі наша каманда гуляла зусім нядаўна — і прайграла 3:0. Але досвед гэты скарыстаць не здолела. “Студэнт зноў ідзе на пераздачу”, — робіць сумную выснову Ўладзімір Мікалаевіч.

Уладзімір Таржкоў: “Мне падалося, што пасля таго, як беларусы ў меншасці прапусцілі ў 1-м перыядзе, у перапынку трэнеры правялі з камандай выдатную працу. Гульцы выйшлі мабілізаванамі, з вялікім жаданнем. Гол у адказ забілі на добрай хуткасці, пры зладжаных дзеяннях усёй пяцёркі. Корабава вывелі на чысты галявы кідок без перашкодаў, шайба атрымалася прыгожая. Але пасля гэтага… Нават калі лік стаў 4:1, швейцарцы працягвалі гуляць у свой хакей, як па нотках. А беларусы так і не здолелі наладзіць камандную гульню. Ці то яе няма, ці то яна пачынае развальвацца адразу, як зборная сутыкаецца з сур’ёзнымі праблемамі і прапускае галы.

У мяне ёсць музычная метафара: беларусы ў 2-м перыядзе пачалі гуляць імправізацыйны джаз, а швейцарцы засталіся сімфанічным аркестрам пад кіраваннем Співакова. Толькі ў іх дырыжор — Сімпсан. У індывідуальным майстэрстве, у катанні, у жаданні, у жарсці беларусы сапернікам не саступалі. А ў разуменні гульні, у агульнакамандным узаемадзеянні саступалі відавочна. Атрымаўся такі джазавы джэм-сэйшн: кожны мітусіцца, нешта сам па сабе спрабуе зрабіць. І, здаецца, усе выдатныя гульцы. Але гэта імправізацыя, калі кожны думае, што рабіць кожную наступную секунду... І гэта ў адказ на швейцарскі гадзіннік, які заўжды працуе сістэмна! Гэтай сваёй сістэмай Швейцарыя і перамагла”.

Еўрарадыё: На вашу думку, беларусы прайгралі таму, што ў іх не атрымалася згуляць камандай?

Уладзімір Таржкоў:  “Не зусім так. Коласаў ад борта адпусціў Безіну. Стаяў слупочкам і думаў, што рабіць. І пакуль ён думаў, Безіна ехаў. Потым Стасенка пры Гарднэры ператварыўся ў статыста-назіральніка… Але справа не ў прозвішчах. Атрымлівалася, што беларусам патрэбны час на тое, каб вырашыць, што рабіць, і яны не адчуваюць сябе інструментамі аднаго аркестра. А ў швейцарцаў адладжаны механізм. Такое адчуванне, што яны ўвогуле не задумваліся над тым, што рабіць, а працавалі па адкатанай схеме. У параўнанні з беларусамі гэта было добра відаць”.

Еўрарадыё: Слабым месцам беларусаў па-ранейшаму застаецца гульня ў большасці…

Уладзімір Таржкоў: “Так, гульня зборнай Беларусі ў большасці незразумелая. Паглядзіце, як швейцарцы ўставалі і спакойна выкатваліся са сваёй зоны і акуратна раскатвалі беларусаў. У якіх, наадварот, мітусня. І ўся гэтая імправізацыя ў большасці прыводзіла да таго, што кожны раз мы атрымлівалі востныя моманты ля ўласных варот. Адзін з якіх у 2-м перыядзе скончыўся голам… І нічога з гэтым мы так і не змаглі зрабіць.

А што гэта значыць, калі сапернік бачыць, што ў зборнай Беларусі няма гульні ў большасці? Гэта значыць, ён ведае, што ў крытычны момант можна супраць беларусаў парушыць правілы — і нічога, акрамя двух хвілінаў штрафу, яму за гэта не будзе! Значыць, можна зачапіць Грабоўскага, Касціцына ці яшчэ каго, і не даць забіць — і ўсё роўна беларусы не заб’юць”.

Еўрарадыё: Перад матчам са Швейцарыяй да беларусаў далучыўся Андрэй Касціцын, якога Эдуард Занкавец паставіў у першае звяно замест Дзмітрыя Мялешкі. Якія вашы ўражанні ад звязкі Ўгараў — Грабоўскі — Касціцын?

Уладзімір Таржкоў: “Вядома, Андрэю Касціцыну трэба прызвычаіцца да еўрапейскага часу, узнавіцца пасля пералёту. Бачна, што яму цяжка. Але здалося, што ў першай гульні Ўгараў, Грабоўскі і Мялешка выглядалі больш грунтоўна. І ў сваіх зменах часта перайгравалі канадцаў. А тут і Ўгарава было не відаць, і Грабоўскі неяк патух. І мы ўсё чакаем, калі ж яго эфектныя дзеянні пяройдуць у эфектыўныя… Карацей, у гэтым складзе звяно згуляла горш, чым з канадцамі. Але ёсць спадзеў на тое, што Касціцын прыбавіць, і за кошт гэтага разам з ім прыбавіць усё звяно”.

Еўрарадыё: Дык можа, варта Касціцына і Грабоўскага развесці па розных звёнах? Каб была ўдарная тройка не толькі вакол Грабоўскага, але і вакол Касціцына, і каб яны па чарзе выходзілі і ціснулі на вароты сапернікаў?

Уладзімір Таржкоў: “Нешта раіць у гэтай сітуацыі — справа няўдзячная, бо трэнерам зборнай Беларусі ў кожным разе лепш бачна, што рабіць, чым нам з вамі. Вядома, хочацца нешта перарабіць, калі выніка няма… Натуральна, звяно Ўгарава, Грабоўскага і Касціцына згуляла не вельмі ўдала. Але на тое, каб адаптавацца да партнёраў і вярнуцца на свой узровень, патрэбны час. І, думаю, што Занкавец якраз гэта і мае на ўвазе. Дакладна з тымі жа мэтамі зараз у Расіі даюць вялікую гульнёвую практыку Набокаву.

Шкада, вядома, што Касціцын прыехаў акурат перад самай важнай, ключавой гульнёй са Швейцарыяй. Можа быць, у гэтай гульні сапраўды не варта было яго ставіць у першае звяно. Але, з іншага боку, калі, як не зараз, ім шукаць узаемадзеянне паміж сабой?”

Еўрарадыё: Відаць, цяпер нават вам перспектывы нашай зборнай на гэтым чэмпіянаце свету падаюцца сумнеўнымі…

Уладзімір Таржкоў: “Ну і што рабіць далей? Засталася вырашальная гульня з французамі. Падзецца няма куды: Барадзіно, як было ў 1812 годзе. Вядома, трэба зборную Францыі перамагаць, і ні пры якім надвор’і нам нельга ім прайграваць.

Што праўда, я ўжо думаю над тым, як беларусы будуць у плэй-оф выходзіць з кваліфікацыйнага этапа, куды трапяць з нулём ачкоў. Хаця скуру незабітага мядзведзя дзяліць не трэба. І на французаў трэба настроіцца, бо ім таксама адступаць няма куды. Але сама думка, што беларусы не трапяць у другі круг… Такое нават у галаву не можа прыйсці. Нават па сукупным узроўні індывідуальнага майсіэрства каманда заслугоўвае таго, каб гуляць і ў другім раўндзе, і ў плэй-оф. Чаму каманднае ўзаемадзеянне настолькі не адладжана? Думаю, у Занкаўца папросту не хапіла часу.

Еўрарадыё: На вашую думку, ці здолее Беларусь за астатні час чэмпіяната ператварыцца ў каманду?

Уладзімір Таржкоў: Зараз надыйшоў для зборнай Беларусі час праявіць пачуццё локцю, армейскую дысцыпліну. А яна пакуль што як партызанскі атрад: жаданне змагацца ёсць, і любові да Радзімы не займаць. Але б’юцца беларускія партызаны супраць рэгулярнай арміі, і яе вывучка пакуль што бярэ сваё.

А апафеоз безалабернасці і нестыковак — шчаўчок Грабоўскага, якім ён ледзь не забіў Сцяпанава. Не ведаю, куды ён там патрапіў — у бок ці ў руку — але аж у мяне ў самога забалеў бок пасля такога. Вось і атрымалася так, што і Грабоўскі, і Сцяпанаў вельмі хацелі забіць. А ў выніку — чарговае, крыўднае і незаслужанае, паражэнне”.

Фота: gettyimages.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі