Смалявіцкая “адседка” абыйшлася Дзмітрыеву і Пашкевічу ў 1 мільён
Актывісты “Гавары праўду!” распавялі Еўрарадыё, чым ім спадабаўся смалявіцкі ізалятар і калі яны плануюць туды вярнуцца.
Еўрарадыё: Якія ўражанні засталіся ад 10 сутак у Смалявіцкім ізалятары?
Андрэй Дмітрыеў: У тым падвале, дзе мы сядзелі, можна было б смела здымаць фільмы пра вайну. Я ўжо даўно такога не бачыў! Дарэчы, вельмі падобна на “амерыканку”. Але ўсё гэта кампенсавалася нармальным стаўленнем да нас людзей. Прыемна было атрымаць літаратуру і ўсе гэтыя 10 дзён адчуваць сябе сапраўдным “чалавекам у вязніцы”. Там няма прагулак і ты проста сядзіш 10 дзён у памяшканні. Але, як нам сказалі на другі дзень знаходжання там: “Як вас любяць, так у нас у Смалявічах нікога не любяць!” Прыходзіла шмат людзей, і ўсе спрабавалі нешта перадаць для нас. Нам сказалі: “У вас там няма столькі месца, колькі вам тут спрабуюць перадаць”.
Еўрарадыё: Чаму вас выпусцілі датэрмінова — вы ж павінны былі выйсці не раней за 19 гадзін сённяшняга дня?
Міхась Пашкевіч: Я думаю, яны ведалі, што нас будуць сустракаць. Яны ж бачылі, што ў судзе над намі прысутнічала больш за 30 чалавек з ліку мясцовых дачнікаў. І яны не хацелі займець яшчэ адзін мітынг у цэнтры Смалявіч. Таму, нас акуратна “ўпакавалі”, вывезлі на трасу, сказалі: “Калі ласка ў Мінск, чакаем яшчэ раз!” Я мяркую, што нам па-любому трэба туды вярнуцца – хаця б для таго, каб перадаць квітанцыі за аплату гэтага гатэля.
Андрэй Дмітрыеў: Дарэчы, за кожны з гэтых 10 дзён мы заплацім па 50 тысяч рублёў. На дваіх нам гэты двухпакаёвы падвал абыйшоўся ў 1 мільён рублёў. Нам там зрабілі “люкс”, мы былі там удвох, нікога да нас не спрабавалі падсажваць. Прынцып быў такі: яны нас не чапаюць, мы – іх. Ці наадварот.
Еўрарадыё: Чым кармілі?
Андрэй Дмітрыеў: Ежай! Была бульба, нейкія кашы, катлеты, якія я так і не адважыўся ні разу з’есці. Усё аддаваў Пашкевічу. А ён гэта ўсё аддаваў назад ахоўнікам.
Еўрарадыё: Пакуль Пашкевіч не чуе: ці не ствараў ён там праблем? Ён жа любіць “качаць правы”!
Андрэй Дмітрыеў: У Пашкевічы добра тое, што ў яго добрае пачуццё гумару. І мы ўсе гэтыя 10 дзён жартавалі і гумар нас падтрымліваў. Але ствараў перашкоды чым? Ён пастаянна спаў! Не было з кім пагаварыць! Я не кажу пра некаторыя іншыя сваеасаблівасці... Але насамрэч – гэта была добрая кампанія. Затое, я навучыў яго па-вайсковаму прыбіраць ложак і забараніў есці ў ложку.
Міхась Пашкевіч: І на шосты дзень сам пачаў есці ў ложку!
Еўрарадыё: А зараз ты раскажы – чым Дзмітрыеў перашкаджаў табе ў гэтым “люксе”?
Міхась Пашкевіч: Ведалі б вы, як ён мяне дастаў! Ляжыць-ляжыць, а потым кажа: “Пагавары са мной! Раскажы – як прайшоў твой дзень”! Уявіце сабе: чалавек прачынаецца раніцай і кажа: “Давай абмяркуем – што будзем рабіць на парламенцкіх выбарах, якія ў нас планы?” Я кажу: “Планы – дасядзець яшчэ 5 дзён, а там пабачым”. Ён у адказ: “Не, трэба загадзя планаваць”. І ўсё нешта піша і піша. Ленін нейкі!
Еўрарадыё: У вас ёсць з чым параўнаць – сядзелі і на Акрэсціна, і ў СІЗА КДБ. Дзе лепш сядзець?
Андрэй Дмітрыеў: Нідзе! Асабліва, калі ты не вінаваты. Я па-ранейшаму лічу, што гэта быў палітычны прысуд, што гэта быў “урок” мне і Мішу: “Калі вы будзе працягваць гэтым займацца – вось так будзе”. Яны нам паказалі, што не могуць заплюшчыць вочы на тое, што адбывалася ў Смалявіцкім раёне. Улады зрабілі сваю справу – мы будзем працягваць рабіць сваю.
Еўрарадыё: Дзімрыеў і Пашкевіч выйшлі, але абяцалі вярнуцца?
Андрэй Дмітрыеў: Калі яны будуць працягваць рабіць тое, што было запланавана з тым беларуска-кітайскім паркам, то і мы будзем працягваць змагацца за правы людзей. На суд прыйшло 30-40 мясцовых жыхароў – я не памятаю, калі на суд да апазіцыянера прыходзіла столькі простых людзей, каб яго падтрымаць. Гэта такі падмурак для дзейнасці, аб якім можна толькі марыць.
Еўрарадыё: Можа падчас адсідкі на напісання вершаў прабіла?
Андрэй Дмітрыеў: У нас у кампаніі манаполія на вершы. Але я там зрабіў такі дараднік: “Дзесяць рэчаў, якія можна зрабіць за 10 сутак адсідкі”. Выкладу яго заўтра ў інтэрнэт. Шчыра скажу, я ўдзячны за тое, што там у мяне нарэшце з’явіўся час, каб спакойна пачытаць кнігі. Я з такім задавальненнем прачытаў Кундэру, Даўлатава іншыя кнігі. А вось “Дон Жуана” Байрана чытаў Міша, не даў мне яго прачытаць!
Фота: Змітра Лукашука