Сталі вядомыя сапернікі беларускіх хакеістаў на наступным чэмпіянаце свету
Міжнародная федэрацыя хакею агучыла склад груп папярэдняга этапа на сусветным першынстве 2013 года.
Нагадаем, яно, як і сёлета, пройдзе ў Фінляндыі і Швецыі. Калі ў 2012-м беларусы гулялі ў Хельсінкі, дык у наступным годзе ў траўні паедуць у Стакгольм.
У склад нашай групы ўвайшлі наступныя каманды: Беларусь, Чэхія, Швецыя, Канада, Нарвегія, Швейцарыя, Данія, Славенія.
У іншай групе будуць гуляць Расія, Славакія, Фінляндыя, ЗША, Нямеччына, Латвія, Францыя, Аўстрыя.
Варта адзначыць, што зборнай Беларусі на чэмпіянаце 2013 года не пагражае "вылет" з элітнага дывізіёна, паколькі яна з'яўляецца гаспадаром першынства 2014-га.
На здымку: Беларускім хакеістам і ў наступным годзе давядзецца сустрэцца з канадцамі. Фота — daylife.com