Станіслаў Шушкевіч таксама стаў невыязным
18 сакавіка памежнікі знялі палітыка з цягніка “Мінск — Вільня” на пераходзе Гудагай.
Яму заявілі, што ён не мае права выезду за мяжу, але не патлумачылі, чаму. Станіслаў Шушкевіч лічыць гэта парушэннем 30-га артыкула Канстытуцыі, а таксама парушэннем яго эканамічных правоў. На радзіме яму не даюць працаваць, а для заробкаў у замежжы закрываюць шлях, прыводзіць выказванні палітыка Радыё Свабода.
У сакавіку за межы Беларусі не змаглі выехаць:
Анатоль Лябедзька, кіраўнік АГП;
Аляксандр Дабравольскі, сябра палітрады АГП;
Віктар Карнеенка, каардынатар кампаніі “За справядлівыя выбары”;
Сяргей Калякін, кіраўнік Партыі левых “Справядлівы свет”;
Валянцін Стэфановіч, праваабаронца цэнтру “Вясна”;
Алег Гулак, кіраўнік БХК;
Гары Паганяйла, праваабаронца БХК;
Жана Літвіна, кіраўніца БАЖ;
Міхал Янчук, прадстаўнік “Белсату”.