Старшакласнікі пачнуць суправаджаць вучняў малодшых класаў дадому
Такі эксперымент пачнецца з 5 снежня ў Фрунзенскім раёне сталіцы.
Мера ўводзіцца для таго, каб засцерагчы дзіця на шляху са школы дадому, паведамляе БЕЛТА. За прыклад бярэцца распаўсюджаная ў замежжы практыка "паравозаў бяспекі", кажуць даішнікі. Па іх словах, тых вучняў малодшых класаў, якія застаюцца ў школах на "прадленку" ці каго не могуць забраць са школы бацькі, будуць да пад'езда даводзіць старшакласнікі — юныя інспектары дарожнага руху.
Усе школы раёна ўжо закупілі святловяртальныя камізэлькі для дзяцей. Старшакласнік будзе збіраць па два-тры вучні, якія жывуць непадалёк адзін ад аднаго, і адводзіць кожнага з іх дадому.
Нагадаем, што менавіта ў Фрунзенскім раёне загінуў каля школы 9-гадовы Улад Грудзьеў. Пасля гэтага выпадку адбыліся адстаўкі ў кіраўніцтве мінскай ДАІ ды гарадскім упраўленні адукацыі.
Фота — azbyka.ru