Стэфановіча і Бандарэнку выкраслілі са спісу невыязных МУС

20 ліпеня суд Цэнтральнага раёна Мінска разгледзеў скаргі дырэктара інфармацыйна-асветніцкай установы "Платформа" Андрэя Бандарэнкі і праваабаронцы Валянціна Стэфановіча. Яны скардзіліся на дзеянні Міністэрства абароны і Міністэрства унутраных спраў. Нагадаем, што Бандарэнку і Стэфановіча ўнес у спіс невыязных МУС — нібыта, на падставе звестак з Мінабароны, што абодва праваабаронцы ўхіляюцца ад прызыву.

Прадстаўнік МУС — начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксей Бягун падаў суду даведкі, што абодва праваабаронцы выкрасленыя са спісу невыязных, перадае праваабарончы сайт "Вясна". Бягун паведаміў, што ў спі Бандарэнка і Стэфановіч трапілі праз тэхнічны збой камп'ютара.

Суддзя Алена Сямак адхіліла ўсе хадайніцтвы заяўнікаў. Між тым, яны прасілі правесці камп’ютэрную тэхнічную экспертызу, каб выявіць прычыны збою ў базе звестак, на якую спасылаюцца прадстаўнікі МУСа. Суддзя, аднак, адхіліла ўсе хадайніцтвы і не задаволіла скаргі праваабаронцаў.

Нагадаем, што нядаўна адбываліся разгляды падобных справаў Гары Паганяйлы, Валерыя Ухналёва, Віктара Карняенкі. Усіх іх выкраслілі са спісу невыязных.

Разгляд скаргі невыязнога старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэта Алега Гулака ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска перанесены на 31 ліпеня. Пачатак у 16:30.

Нагадаем таксама, што Андрэй Бандарэнка ўнесены ў яшчэ адзін спіс невыязных — як чалавек, які стаіць на прафілактычным уліку КДБ.

Фота — spring96.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі