Прысуды ў Свіслачы: па мільёну на кожнага
Судзілі ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі ўшанавання паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы, якая прайшла 27 кастрычніка.
Суд над дэмакратычным актывістам са Свіслачы Анатолем Валюком быў перанесены з панядзелка на 27 лістапада, паколькі ён запатрабаваў доказаў яго віны. У аўторак прайшлі суды. Анатоль Валюк, Юрый Глебік і Віктар Дзясяцік атрымалі па 1 млн рублёў штрафу. Сведкамі былі міліцыянты.
Нагадаем, 27 кастрычніка ў Свіслачы людзі з розных гарадоў Беларусі традыцыйна адзначалі памяць паўстанцаў Каліноўскага. З гэтай нагоды ўсклалі кветкі на магілу Віктара Каліноўскага, да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, наведалі радзіму Каліноўскіх — сядзібу Якушоўка.
У той дзень міліцыянты затрымалі ў Свіслачы чатырох маладых людзей, склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і выкарыстанні незарэгістраванай сімволікі, а пазней усіх асудзілі: Станіслава Гусакова з Віцебску, Алесь Крот з Мінску і Вітольд Ашурка з Бярозаўкі атрымалі па 3 сутак арышту, гродзенец Віталь Лопасаў — штраф у 3 мільёны рублёў.
Фота — svaboda.org