Супрацоўніца пошты: Пераводы ў доларах таксама пераводзяцца ў рублі
Сваякі з Расіі хацелі дапамагчы беларускаму пенсіянеру валютай на аперацыю, але толькі згубілі грошы.
Праз некалькі дзён жыхар Чэрыкава Мікалай Царкоў павінен ехаць у Маскву: 12 верасня яго чакаюць у інстытуце Гельмгольца, каб зрабіць запланаваную аперацыю на вочы. Аперацыя платная, і жонка пенсіянера Ніна Канстанцінаўна набывала расійскія рублі з вялікімі цяжкасцямі. За пенсію сваю ды мужаву — што па 700 тысяч у кожнага.
Ніна Царкова: “Я нідзе не магла набыць — ні ў банку, ні ў абменніках. Я проста шукала, хто б мне мог па знаёмстве памяняць. І ў выніку 100 тысяч расійскіх я з цяжкасцю намяняла. Але ж яго чакае аперацыя, можа нават і не адна. У яго адслаенне сятчаткі, кровазліццё, глаўкома, катаракта. А там жа (у інстытуце Гельмгольца — Еўрарадыё) і дыягназ, і аперацыя — усё платнае. І харчаванне...”
Колькі дакладна будзе каштаваць аперацыя, жанчына не ведае — дактары чамусьці лічбу не назвалі. Сказалі толькі, што сабраных грошай павінна хапіць. Да таго, сваякі дапамагалі, хто чым мог. Унук набыў дзядулі квіткі на цягнік да Масквы, а сястра, якая сама мае за 80 гадоў і жыве ў Расіі, даслала 5 тысяч расійскіх рублёў са сваёй невялікай пенсіі. Вось толькі атрымаць іх на пошце ў Мікалая Царкова не атрымалася.
Ніна Царкова: “Нам сказалі, што расійскімі ім забаронена выдаваць — толькі беларускімі рублямі. І замест 5 тысяч расійскіх мы атрымалі 887 тысяч беларускіх паводле курсу Нацбанка”.
Абмяняць адразу на расійскія ці долары не атрымалася — валюты ў касе няма. Ізноў, кажа пенсіянерка, давядзецца ісці па дапамогу да знаёмых, якія ездзяць на заробкі ў Расію і маюць валюту.
Дарэчы, Ніна Канстанцінаўна паспрабавала адразу паскардзіцца на дзеянні супрацоўнікаў пошты.
Ніна Царкова: “Я спрабавала датэлефанавацца да абласнога камітэта Дзяржкантролю, але безвынікова. Цэлы дзень тэлефанавала, але ні да каго так і не трапіла: ні да старшыні, ні да намеснікаў, нават сакратар які не адказаў”.
Еўрарадыё пацікавілася, ці не звярталася Ніна Царкова ў "Беларусбанк" з просьбай прадаць валюты на лячэнне мужа. Але пра такую магчымасць яна даведалася вельмі позна, таму вырашыла, што па часе ёй там не паспеюць дапамагчы.
Еўрарадыё знайшло касірку пошты, якая адмовілася выдаваць пенсіянеру пераведзеную сястрой суму ў расійскай валюце. Згодна з яе словамі, пенсіянеры самі вінаватыя ў гэтай сітуацыі — калі б яны пацікавіліся, то ведалі б, што пошта валютныя пераводы выдае выключна ў беларускіх рублях.
Супрацоўніца пошты: “Гэтаму чалавеку, калі яму збіраліся высылаць грошы, трэба было прыйсці і спытаць. Мы б яму сказалі, што высылаць яму грошы трэба на банк — вам банк дасць “расіяй”. А мы з “расіяй” не працуем, у нас толькі беларускія грошы. Калі дасылаюць пераводы ў доларах — нам таксама пераводзіцца. Яны ў Мінску пераводзяць ў беларускія рублі паводле курсу Нацыянальнага банка і прыходзіць нам перавод у беларускіх рублях”.
Як адзначае супрацоўніца пошты, гэтая мера не новая, яна не з’явілася ў краіне разам з валютным крызісам — так пошта працавала заўжды.
Дарэчы, на падрыхтоўку да аперацыі сям’я Царковых, апроч набыцця расійскай валюты па курсе, далёкім ад нацбанкаўскага, патраціла палову месячнай пенсіі на лекі. Давялося за ўласныя грошы набываць адмысловыя таблеткі коштам у 350 тысяч рублёў. І цяпер пенсіянеры з жахам думаюць пра тое, дзе ім браць грошы, калі раптам гэта будзе не апошняя аперацыя.