Сур'ёзны турыст-беларус: Прычына, па якой я стаў вядомым, выклікае ўсмешку
Беларус Віталь Зялкоўскі стаў глабальным інтэрнэт-мемам дзякуючы сваім фотаздымкам з розных краін з аднолькавым выразам твару.
Віталь толькі нядаўна даведаўся пра сваю папулярнасць. Еўрарадыё пагутарыла з хлопцам, які цяпер жыве і працуе ў Бельгіі.
Віталь Зялкоўскі: Мне тэлефанавалі сябры і казалі, што бачылі гэта. Ну і я таксама сёння гэта паглядзеў.
Еўрарадыё: Як вы паставіліся да гэтага?
Віталь Зялкоўскі: Мне цікава. Сітуацыя трошкі смешная. Прычына, па якой я стаў вядомым, выклікае ўсмешку.
Еўрарадыё: Ці шмат краін аб'ездзілі? Дзе пабывалі? Ці паўсюль рабілі такія фота?
Віталь Зялкоўскі: У асноўным, гэта краіны Еўрасаюзу. Я аб'ездзіў амаль усю Еўропу. І гэтыя фота рабіў у Еўропе.
Еўрарадыё: А чаму менавіта такія фота? Няма каму сфатаграфаваць, бо ездзіце адзін?
Віталь Зялкоўскі: Калі еду з сябрамі, то на машыне. Але калі я лятаю на самалётах, то адзін. Бяру з сабой мінімум рэчаў, таму і вялікі фотаапарат мне не патрэбны, і я фатаграфуюся на тэлефон. Я абіраю своеасаблівы маршрут, і мне зручней вандраваць аднаму. Такога няма, што я прыехаў і ляжу 2 тыдні на пляжы. У мяне па некалькі дзён уходзіць на адзін горад.
Еўрарадыё: Дзе вы жывяце цяпер? Чым займаецеся?
Віталь Зялкоўскі: Я жыву ў горадзе Антверпен. Займаюся прамысловым дызайнам. Працую інжынерам-канструктарам. Грамадзянства ў мяне беларускае, але я ўжо 9 гадоў жыву ў Еўропе.
Еўрарадыё: А дзе раней жылі?
Віталь Зялкоўскі: Бацькі з Маладзечна. Сам жыў у Мінску. Там навучаўся ў БНТУ на інфармацыйных тэхналогіях, потым два гады адпрацаваў па размеркаванні. Заўсёды хацеў паехаць у Еўропу. Таму пасля размеркавання з'ехаў вучыцца. Скончыў магістратуру і застаўся ў Бельгіі працаваць.
Еўрарадыё: Вы ўжо адчулі папулярнасць?
Віталь Зялкоўскі: Быў у панядзелак у Мінску. Калі ехаў з Мінска ў Вільнюс, да мяне падышлі двое хлопцаў і папрасілі сфатаграфавацца. Я не зразумеў, у чым прычына. А ўчора ўбачыў гэта ўсё і разабраўся.
Еўрарадыё: Вы кажаце, што гэта ў вас выклікае ўсмешку, а чаму на фота такі сур'ёзны твар?
Віталь Зялкоўскі: “Калі я прыязджаю ў горад, то стаўлю птушачку. Мае фота, у прынцыпе, ніхто не разглядвае з маіх родных. Я не раблю гэта на публіку. Проста ў архіў для сябе. І мне не трэба рабіць спецыяльныя фота. Я раблю ўсё прасцей”, — па-інжынерску сур'ёзна адказвае Віталь.