Сябры Вольгі Самусік ушануюць яе памяць агульным канцэртам

111125 Malina Samusik.mp3

7 снежня споўніцца роўна год са дня смерці спявачкі, журналісткі ды проста жыццярадаснай дзяўчыны Вольгі Самусік. Але да гэтага часу шмат хто з яе прыхільнікаў ды сяброў не можа паверыць у тое, што яе няма. На наступны дзень пасля гадавіны смерці ў сталічным Loft Cafe адбудзецца дабрачынны канцэрт памяці Вольгі Самусік. Усе заробленыя грошы ад квіткоў перададуць бацькам спявачкі на ўсталяванне помніка.

“Зразумела, хацелася сабраць усе гурты, у якіх яна ўдзельнічала, хацелася б сабраць усіх людзей, з якімі яна працавала, – дзеліцца задумай арганізатар канцэрта і вакалістка гурта ZM99 Зоя Сахончык. – Але некаторыя запрошаныя музыкі ў нас забароненыя. Іх з’яўленне на сцэне аўтаматычна прыводзіць да закрыцця клуба. Мы не можам такога дазволіць. Але яны будуць сядзець за сталамі – проста прысутнічаць у клубе”.

У выніку на канцэрце-памяці Вольгі Самусік выступяць гурты ZM99, Pomidor/OFF, IQ48 ды гурт Tarpach, у складзе якога спявачка атрымала званне “Рок-князёўна 2007”. Музыкі Тарпача плануюць выдаць дыск, дзе песні Вольгі праспяваюць яе сябры.

“Там, у прынцыпе, толькі вакал трэба будзе запісаць, бо ўсё астатняе ўжо запісана, – распавядае пра працу над праектам гітарыст “Тарпача” Зміцер Астапук. – Усё ў працэсе. То бок, гэта не так хутка, бо мы жадаем сабраць сяброў ды, як кажуць, паплечнікаў па цэху. Тых, хто добра ведаў Вольгу, і хто здолее гэта ў кароткія тэрміны запісаць ды зрабіць”.

Пакуль жа сябры Вольгі праспяваюць яе песні на канцэрце. Ужо вядома, што некалькі кампазіцый выканае Зоя Сахончык.

Варта адзначыць, што праз некалькі месяцаў пасля смерці Вольгі, у інтэрнэце з’явіўся сайт яе памяці. Зараз ён даволі рэдка аднаўляецца, але наведвальнікаў не губляе.

“Практычна ўсё, што я знайшоў ды сабраў, там выкладзена, – кажа стваральнік сайта Андрэй. – Ёсць яшчэ невялікая колькасць матэрыялу – я адсканаваў дзіцячыя фотакарткі, школьныя. Я іх выкладу ў бліжэйшы час. Зразумела, што ёсць шмат матэрыялаў, якія я проста не знайшоў, якія дзесьці ў кагосьці на руках. Таму сайт практычна не абнаўляецца. Але ведаеце, наведванняў 15-20 на дзень бывае. Я думаю, што для такога сайта гэта нават шмат”.

Пачнецца памятны канцэрт а 20-й гадзіне. Квіткі каштуюць 30 тысяч – на танцпол і 50 тысяч – за столік.


Рок-спявачка і журналістка Вольга Самусік памерла 7 снежня мінулага года. Ёй было ўсяго 25 гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі