Год таму не стала Вольгі Самусік

Год таму 7 снежня не стала спявачкі, журналісткі ды проста жыццярадаснай дзяўчыны Вольгі Самусік. Ёй было толькі 25 гадоў, але за такі кароткі жыццёвы шлях яна пакінула заўважны след у беларускай рок-музыцы. Разам з легендарным гуртом zygimontVAZA Вольга запісала альбом Distortion. Паралельна прыйшла спяваць ў "Тарпач". Пазней запісала некалькі песень з адноўленым гуртом Hasta la Fillsta. Вольга супрацоўнічала з B:N:, NeuroDubel, ZM99, The UNB, брала ўдзел у праектах Лявона Вольскага "Крамбамбуля" і "Такога няма нідзе". У 2008 годзе на "Рок-каранацыі" Вольга атрымала тытул "Рок-князёўна".

8-га снежня ў сталічным Loft Cafe адбудзецца дабрачынны канцэрт памяці Вольгі Самусік. Усе заробленыя грошы ад квіткоў перададуць бацькам спявачкі на ўсталяванне помніка.

“Зразумела, хацелася сабраць усе гурты, у якіх яна ўдзельнічала, хацелася б сабраць усіх людзей, з якімі яна працавала, – дзеліцца задумай арганізатар канцэрта і вакалістка гурта ZM99 Зоя Сахончык. – Але некаторыя запрошаныя музыкі ў нас забароненыя. Іх з’яўленне на сцэне аўтаматычна прыводзіць да закрыцця клуба. Мы не можам такога дазволіць. Але яны будуць сядзець за сталамі – проста прысутнічаць у клубе”.

У выніку на канцэрце-памяці Вольгі Самусік выступяць гурты ZM99, Pomidor/OFF, IQ48 ды гурт Tarpach. Пачнецца мерапрыемства а 20-й гадзіне. Квіткі каштуюць 30 тысяч – на танцпол і 50 тысяч – за столікам.

Фота: generation.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі