Сябры Вольгі Самусік збяруцца ўшанаваць яе памяць

8 снежня ў сталічным Loft Cafe адбудзецца дабрачынны канцэрт, прысвечаны памяці Вольгі Самусік. Усе заробленыя грошы ад квіткоў арганізатары перададуць бацькам спявачкі на ўсталяванне помніка.


“Вядома, хацелася сабраць усе гурты, у якіх яна ўдзельнічала, хацелася б сабраць усіх людзей з якімі яна працавала, – дзеліцца задумай запрасіць арганізатарка канцэрта і вакалістка гурта ZM99 Зоя Сахончык. – Але некаторыя запрошаныя музыкі ў нас забароненыя. Іх з’яўленне на сцэне аўтаматычна прыводзіць да закрыцця клуба. Мы не можам такога дазволіць. Але яны будуць сядзець за сталамі – проста прысутнічаць у клубе”.


У выніку на канцэрце-памяці Вольгі Самусік выступяць гурты ZM99, Pomidor/OFF, IQ48 ды гурт Tarpach, у складзе якога спявачка атрымала званне “Рок-князёўны-2007”. Якія песні і ў выкананні якіх вакалістаў прагучаць на канцэрце музыкі "Тарпача" пакуль не вызначыліся. Але вядома, што некаторыя кампазіцыі выканае сяброўка Вольгі Зоя Сахончык.

Пачнецца канцэрт а 20-й гадзіне. Квіткі каштуюць 30 тысяч на танцпол і 50 тысяч за столік.

Рок-спявачка і журналістка Вольга Самусік памерла 7 снежня мінулага года ва ўзросце 25 гадоў.\

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі