Сяргей Лазніца з'явіўся ў Кане пад песні Касі Камоцкай (фота, відэа)
Па чырвонай дывановай дарожцы рэжысёр фільма "У тумане" па аповесці Васіля Быкава прайшоў пад "Мой паляўнічы" і "Божа, забяры маё жыццё".
25 траўня на Міжнародным кінафэсце ў Кане адбываецца сусветная прэм'ера фільма Сяргея Лазніцы "У тумане". Фільм, зняты па аповесці Васіля Быкава, прэтэндуе на галоўны прыз фэста ― Залатую пальмавую галінку. Лазніца, які нарадзіўся ў Баранавічах, вырас у Кіеве, а жыве ў Берліне, кажа пра сваю стужку, што яна хутчэй нямецка-аўстрыйская. Але ў ліку стваральнікаў карціны значыцца і кінастудыя "Беларусьфільм".
Увечары 25 траўня картэж Сяргея Лазніцы пад'ехаў да Фестывальнага палаца. Разам з рэжысёрам на чырвонай дывановай дарожцы з'явіліся акцёры Уладзімір Свірскі (Сушчэня), Улад Абашын (Бураў) і Сяргей Калясоў (Войцік).
Улад Абашын (Бураў) і Уладзімір Свірскі (Сушчэня)
Уладзімір Свірскі
Як раней пісала Еўрарадыё, у фільме "У тумане" зусім няма музыкі. Сяргей Лазніца дамовіўся з Касяй Камоцкай на тое, што здымачная група пройдзе па чырвонай дывановай дарожцы пад песню "Мой паляўнічы" з "Народнага альбома" (аўтар словаў ― Міхал Анемпадыстаў). Аднак гэтым не абмежавалася: наступнай прагучала "Божа, забяры маё жыццё" з рэпертуару "Новага неба".
Фота і відэа: "Радыё "Свабода".