Сяргей Трухановіч ладзіць беларускі варыянт выступаў G3

121022_malina_truhan.mp3

Знакаміты беларускі гітарыст Сяргей Трухановіч рыхтуе чарговы сезон уласнага гітарнага фестывалю “Virage Guitars”. Гэта будзе ўжо шостае мерапрыемства гэтага шэрагу, а папярэднія ўдзельнік гуртоў "Крама" ды "Палац", відаць, дагэтуль старанна хаваў ад шырокай публікі.

"Калі мы возьмем правобраз нашага фэсту “Virage Guitars”, то гэта заходняе G3, то бок Сціві Ўай, Джо Сатрыяні і, напрыклад, Эрык Джонсан ці Джон Петручы ці Інгві Мальпсцін, — тлумачыць ідэю імпрэзы Сяргей. — Але ў нашым выпадку я запрашаю вядомага гітарыста, а трэцяга гітарыста мы адбіраем на конкурсе маладых удзельнікаў. То бок, кожны раз фішкай фестывалю з'яўляецца адкрыццё новага імя".

Першапачаткова, гады тры таму, гэта быў звычайны джэм-сэйшн, які праходзіў у "Графіці" і меў дзяжурную назву “Guitar Hero”. Такіх паядынкаў знакамітых гітарыстаў было праведзена каля пяці. Але ў выніку Сяргею Трухановічу захацелася не клубнага, а больш канцэртнага мерапрыемства. Тым больш, яго ідэю падтрымалі і студэнты, і кіраўніцтва "Інстытута сучасных ведаў", дзе цяпер музыка выкладае. Ужо больш за год амаль кожны сезон ён ладзіць фестываль у змененым фармаце.

"Да самога фестывалю “Virage Guitars" праходзіць конкурсны адбор, дзе прысутнічае кампетэнтнае журы, — працягвае Сяргей. — Я стараюся запрашаць ужо вядомых асоб. Напрыклад, судзілі і Пётр Ялфімаў, і Мікалай Аруцюнаў ("Варвары Блюзу", "Лига блюза"), і Юры Дзмітрыеў з "Троіцы"... то бок не абавязкова — гітарыст. Але гэта людзі, якія ўжо нешта маюць у шоў-бізе".

Паводле правілаў, усе канкурсанты граюць 2-3 інструменталкі, журы раіцца, і шляхам таемнага галасавання выносіцца прысуд. Але ў тых, хто прыйдзе на адбор з "падтрымкай" будзе пэўная перавага перад выступоўцамі пад "мінус".

"Пад фанеру прасцей за ўсё сыграць, бо там усё дасканала, — тлумачыць такую пазіцыю арганізатар. — Калі ўявіць, як складана гітарысту, калі, напрыклад, яго бубнач пачаў путацца па форме... але гітарыст не разгубіўся і дайграў да канца, малайчына. І зноў жа, пераможца рыхтуе праграму для выступу на самім фэсце “Virage Guitars”. А таму ужо, ну якая размова можа весціся пра "мінусавое" выкананне!? Мы ж будзем граць з бэндамі, там будзе такі хруст стаяць, што вушы будуць скручвацца!"

Да таго ж, вітаецца, каб канкурсанты выкарыстоўвалі сваю творчасць. Але не забараняецца і класіка, ці проста малавядомыя кампазіцыі. А прызы, прызнаецца Сяргей, атрымаюць усе ўдзельнікі, бо сам факт удзелу — ужо перамога... над сабой.

Virage Guitars 27-га красавіка 2011 года ў Doodah King Bar

Дарэчы, восеньскі сезон “Virage Guitars” пройдзе 29 лістапада ў памяшканні "Інстытута культуры Беларусі" па адрасе Каліноўскага 12, дзе апроч Трухановіча выступіць расійскі гітарыст Дмітрый Чацвяргоў. Цяпер ужо адабрана некалькі маладых удзельнікаў, якія гатовыя іграць на адборы 30 кастрычніка там жа. Сярод іх ёсць і іншагароднія, і тыя, хто па другому разу жадаюць паўдзельнічаць. Але прыём заявак працягваецца да 28 чысла, таму поўны спіс канкурсантаў Сяргей пакуль не агучвае. Дарэчы, хэдлайнерам адбору стане пераможца зімовага сезону “Virage GuitarsВіталь Барушка.

Больш падрабязную інфармацыю ды патрабаванні для падачы заявак можна знайсці на афіцыйным сайце фестывалю Virage Guitars ці на старонках мерапрыемства ў сацыяльных сетках.

Фота: guitarland.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі