Таямніцы “Дынама”: помста “Баварыі”, душ для геяў і лямпачкі за мільён

Спецыяльная экспертная група рупіцца над выбарам дызайн-праекту рэканструкцыі “Дынама”. Галоўная канцэпцыя ― захаваць гістарычнае аблічча стадыёна і ў той жа час абсталяваць яго згодна з новымі тэхналогіямі.

“Тры дні ― 17, 18 і 19 снежня ― будзе працаваць экспертная група. Таксама будзе праведзена незалежная экспертыза, ― паведамляе Еўрарадыё  Уладзімір Куршын, намеснік старшыні камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама. ― Мэру даклалі, што вынікі конкурсу будуць папярэдне абвешчаны 19 снежня”.

Адзін з конкурсных праектаў, узяты з onliner.by

У Камісію ўваходзяць прадстаўнікі Мінгарвыканкама, НАКа, Мінспорту, саюза архітэктараў, федэрацыі футбола, групы кампаній “Трайпл” (бізнэсмен Юрый Чыж гатовы ўкласці ў рэканструкцыю блізу 30 мільёнаў еўра).

Пакуль не выбраны дызайн-праект, разборка старых канструкцый на “Дынама” таксама не можа ісці поўным ходам.

Работы праводзяцца перш-наперш на Заходняй трыбуне (так званы “брыль”), якая даўно не выкарыстоўваецца. Адтуль ужо здымаюць металічныя сядзенні і барты.

“А калі будуць высяляцца спартыўныя залы, якія месцяцца ў падтрыбунных памяшканнях?” ― цікавімся ў дырэктара “Дынама” Юрыя Крывадубскага.

“Мы іх папярэджвалі, што трэба будзе выселіцца з 1 снежня. Але з прычыны, што ссунуліся тэрміны дэмантажу “брыля”, мяркую, снежань яны яшчэ дабудуць. Далей ― немагчыма будзе забяспечыць святло і камунікацыі”.

Просімся ў Юрыя Крывадубскага ў першы і апошні раз зірнуць на распранальні, дзе яшчэ нядаўна рыхтаваліся да матчаў знакавыя футбалісты: Месі, Глеб, Ін’еста, Давідс, Дэль П’ера, Тоцці, Ібрагімавіч і многія іншыя.

Бачым высачэнную столь (падвясная, каб не было відаць праблем гідраізаляцыі трыбун), сайдынг, гардэробную на манер 50-х гадоў, просценькія душы… Цікава, што ў кожнай распранальні стаіць адна ізаляваная душавая кабіна. Цікавімся, чаму?

“Сексуальныя меншасці не павінны быць абмежаваныя ў правах. Гэта кабіна з’явілася ў 2008-м годзе”, ― распавядае Юрый Крывадубскі пра адно з патрабаванняў УЕФА, якое было неабходна ажыццявіць перад першай у гісторыі Беларусі Лігай чэмпіёнаў.

Еўрарадыё: А гэты басейн, ці выкарыстоўваўся ён раней?

Юрый Крывадубскі: Яшчэ 3-4 гады таму ўсё гэта працавала. Потым ад гэтага адмовіліся з мэтай эканоміі.

Еўрарадыё: Ці выказвалі зоркі-футбалісты якія-небудзь прэтэнзіі?

Юрый Крывадубскі: Не. Распранальні на вядомых замежных стадыёнах абсталяваны даволі проста. Праўда, пасля таго, як “Баварыя” прайграла БАТЭ, футбалісты нямецкай каманды ў роспачы пашкодзілі мацаванне для душа і плітку. Мы гэта потым аднавілі, таму што пасля “Баварыі” яшчэ Іспанія тут гуляла, Грузія, былі “Ліль”, Валенсія.

Праз стометровы калідор, куды трапляеш, выйшаўшы з распранальняў, кіруем у бок футбольнага поля. Прэтэнзій да дынамаўскага газону замежныя інспектары асабліва не прад’яўлялі. Хоць пэўныя асаблівасці былі.

Юрый Крывадубскі: “Калі рыхтаваліся да Алімпіяды-80 і клалі газон, павінны былі зрабіць шматслойны дрэнаж ― шчэбень, пясок, адводзячыя трубы… Гэта не зрабілі належным чынам. Таму дождж пройдзе ― поле мяккае. Калі суха ― жорсткае”.

Што дакладна знікне з “Дынама” ― гэта старое табло і асвятляльныя мачты. Трыбуны новага стадыёна будуць збольшага крытымі, і сістэмы асвятлення, хутчэй за ўсё, будуць усталяваны ў дах. Але пра старыя пражэктары таксама ёсць што распавесці.

Юрый Крывадубскі: “Пражэктары першапачаткова выкарыстоўваліся для ваенных мэтаў ― пры ахове аб’ектаў, магчыма, для авіяцыі. Мачты былі ўсталяваны ў 1979-м годзе. І тып лямпаў, якія там, выпускаў Саранск. Магутнасць спажывання адной лямпы ― тры кілаваты. І лямпачак усяго 120 на кожнай з мачтаў. Усяго атрымліваем ― 1440 кілават энергаспажывання. Ужо гэтыя лямпы не выпускаюцца, яны дарагія. Рэшткі яшчэ ёсць у Расіі. Мы закуплялі перад Лігай чэмпіёнаў, і гэта абышлося прыкладна ў 40 мільёнаў. То бок адна лямпачка блізу мільёна каштуе…”.

Зрэшты, самым горшым стадыён “Дынама” не назавеш нават у сённяшнім яго стане. Але спадзяемся, што рэканструкцыю правядуць удала, і глядзець футбол на новай арэне стане больш зручна.

Басейн у адной з распранальняў. Футбалісты "Мілана", "Баварыі", "Рэала", "Барселоны" ім скарыстацца не паспелі

Той самы душ, дзе помсліва пахуліганілі футбалісты "Баварыі"

Гардэробныя 1950-х гадоў для ўсёй каманды замест стандартных шафак для распранання

Стометровы калідор, куды трапляеш з распранальні.

Апусцелая распранальня на "Дынама".

Прад'яўляць прэтэнзіі за санвузлы на "Дынама" несправядліва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі