Трэнер "Хапаэля": БАТЭ — найменш "сэксуальны" з усіх магчымых сапернікаў
Напярэдадні матча Гілі Ландаў у аўторак правёў прэс-канферэнцыю ў Мінску.
Найменш "сэксуальным" з усіх магчымых сапернікаў у плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў назваў барысаўскі БАТЭ галоўны трэнер ізраільскага "Хапаэля".
"Мы — малады клуб, у нас не вельмі шмат вопыту, але мы горача ўспрымаем тое, што робім, і з азартам ставімся да гульні, — сказаў Ландаў. — Калі атрымаецца ўдала сумясціць нашы фізічныя, тэхнічныя і інтэлектуальныя якасці з правільным выкарыстаннем нашых пераваг і слабасцяў саперніка, можна атрымаць добры вынік... Я ніколі не казаў, што БАТЭ самы жаданы канкурэнт. БАТЭ з усіх магчымых сапернікаў найменш сэксуальны, у тым плане, што ёсць каманды з больш яркай гісторыяй і традыцыямі. Але мы цэнім саперніка і паважаем яго".
Як паведамляе БелаПАН, галоўны трэнер "Хапаэля" падкрэсліў, што сіла яго каманды ў каманднай гульні, і яго хлопцы маюць намер гэта прадэманстраваць.
Першы паядынак плэй-оф кваліфікацыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў пройдзе на сталічным стадыёне "Дынама" 22 жніўня, пачатак у 21.45.
Фота — Goals.by