Троіца, Ляпісы і Акутэ адпачываюць на лаўрах Экспертаў.бай
Партал Experty.by падвёў вынікі першага паўгоддзя і назваў топ-10 лепшых беларускіх альбомаў па меркаванні штатных аглядальнікаў сайта
Так, урадлівыя 6 месяцаў 2011 года прынеслі на агляд экспертаў 29 пласцінак. Каардынатар і эксперт партала Зміцер Безкаравайны галоўнай тэндэнцыяй гэтага паўгоддзя называе рост інтэрнэт-рэлізаў:
Зміцер Безкаравайны: "Упершыню колькасць інтэрнэт-рэлізаў, то бок альбомаў, якія выкладаліся ў інтэрнэт адначасова з рэлізам на дысках ці ўвогуле без яго – склала больш за палову ад агульнай колькасці выдадзеных новых альбомаў".
Калі цягам 1,5 гадоў гэтая лічба складала кшталту 30%, а дагэтуль яшчэ менш, то ў гэтым паўгоддзі склала 62%.
Зміцер Безкаравайны: "На маю думку, гэта знакавыя змены і наўрад ці яно вернецца на былыя ўзроўні, таму што абсалютна відавочна, што выданне на фізічных носьбітах на сённяшні дзень з’яўляецца дапаможным для артыстаў. А для публікі набыццё кампакт-дыска стала набыццём пэўнага сувеніра ўжо вядомай і адслуханай музыкі".
Што тычыцца тэндэнцый, у першым паўгоддзі 2011 года колькасць новых альбомаў у разглядаемым сайтам Experty.by стылістычным спектры вярнулася на ўзровень, які быў характэрны ў 2008-2009гг. (то бок кшталту 30-ці альбомаў за паўгоддзе). 2010 год адзначыўся відавочным спадам. Пакуль незразумела, наколькі паўплывае эканамічны крызіс на колькасці новых пласцінак у другім паўгоддзі 2011 .
"Хоць ужо зараз вядома, што плануюцца даволі моцныя рэлізы – альбомы выдадуць Без Білета, IQ 48 ды іншыя каманды", – удакладняе Зміцер.
Тым часам колькасць выдадзеных пласцінак адпавядае якасці запісанага матэрыялу – выніковая "дзесятка" па сярэднім бале можа паспрачацца з "дзесяткамі" любога з мінулых гадоў.
"У тым ліку, дзякуючы цудоўным рэлізам гуртоў Ляпіс Трубецкой і Троіца, але і не толькі, – тлумачыць Зміцер Безкаравайны. - Ёсць цікавыя новыя імёны – напрыклад, гурт B_Side, які запісаў добры трыпхопавы альбом. Ёсць артысты, якія раней "свяціліся" у іншых калектывах, і якія выпусцілі цікавыя плыткі ўжо з новымі праектамі – напрыклад, гурт Акутэ, у які ўваходзяць былыя ўдзельнікі гурта Глюкі, а таксама праект Sounduk былой вакалісткі Детідетей Ані Хітрык. То бок музыка абсалютна рознапланавая - ёсць і хэдлайнеры, ёсць новыя імёны, ёсць і нейкія нечаканыя работы і гэта вельмі радуе".
Дзесятку лепшых узначальвае этна-трыа Троіца з альбомам "Зімачка". Для саміх музыкантаў перамога ў топ-10 на "Экспертах" стала нечаканай падзеяй. Бо, як патлумачыў Еўрарадыё лідэр гурта Іван Іванавіч Кірчук, этнічная музыка не мае асаблівага інтарэсу ў Беларусі.
Іван Кірчук: "Па-першае, няма сапраўдных этна-фестываляў, такіх, як у замежжы. Але ж тое, што зрабіў Томаш Рагула, які быў саўндпрадзюсарам альбома "Зімачка" у Польшчы і двойчы намінаваўся на катэгорыю лепшы гукарэжысёр і быў прадстаўлены на сусветным узроўні – згодны, нельга не заўважыць".
Цікава, што гурты Троіца і Ляпис Трубецкой ужо траплялі ў лідары на "Экспертах" у 2008 годзе, калі альбом Троіцы "Сон-Трава" змагаўся за 1-е месца з "Манифестам" Ляпіса Трубецкого. Тое, што Міхалок і кампанія зноў "дыхаюць" у спіну славутым этнаўцам, Кірчука зусім не бянтэжыць – наадварот, Іван Іванавіч не толькі добра ставіцца да музыкаў, але і нават дапамагаў ім у запісе аднаго з альбомаў (гэта быў альбом "Золотые яйцы", 2004 – заўв.рэд.)
Іван Кірчук: "Так, аднойчы мы дапамагалі ім запісаць нейкія трэкі – Юра іграў на сазе, а я – на акарыне. Але ж ведаеце, гэта іншы накірунак музыкі, Ляпис Трубецкой. Таму, калі зараз яны на другім месцы, то могуць быць і на першым! Сёння людзі слухаюць розную музыку, таму я не ведаю, як да гэтага ставіцца".
Які дыск атрымае статус лепшага ў 2011 годзе, стане вядома бліжэй да лютага, калі эксперты падсумуюць балы і падвядуць вынікі году.
Паслухаць усе альбомы паўгоддзя, а таксама прачытаць меркаванні экспертаў можна на сайце Experty.by.