Тры актывісты аргкамітэта па стварэнні Партыі БХД сталі дэпутатамі
25 красавіка прайшлі выбары ў мясцовыя саветы. Еўрарадыё прапануе агледзець карціну выбарчага дня.
***
22:34. Дэпутатам Асіповіцкага раённага савета стаў актывіст БХД
Актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Аляксей Цюлькоў стаў дэпутатам Асіповіцкага раённага савета.
Цюлькоў, які працуе ветэрынарным лекарам, перамог на выбарах галоўнага ўрача мясцовай паліклінікі, паведамляе БелаПАН.
***
22:24. Выязная выбарчая камісія знайшла выбарцаў у “зоне”
Зміцер Лукашук
Падчас сваёй вандроўкі праз Рэчыцу, Брагін і Хойнікі ў Мазыр, лідэр грамадскай кампаніі “Гавары праўду!” паэт Уладзімір Някляеў заехаў у адну з выселеных “чарнобыльскіх вёсак”, дзе нечакана сутыкнуўся з выбарчай камісіяй. Пра гэта ён расказаў у размове з Еўрарадыё.
Уладзімір Някляеў: “Мы заехалі ў Сабалі. Чаму заехалі ў Сабалі? Гэтыя Сабалі я наведваў адразу пасля аварыі, калі іх адсялялі. І напісаў пра іх у сваёй паэме. Мне было цікава, што там адбылося. Дык вось, у тых Сабалях, якія дэ-юрэ не існуюць, іх не павінна быць, бо яны ёсць вёскай выселенай, што самае цікавае, прыехала выбарчая камісія. У тую вёску, дзе ніхто не жыве і гэта загадзя вядома, асабліва ўладзе — яна ж выселеная! Аказалася, што там жыве амаль 80 чалавек і яны мусілі галасаваць. Выходзіць, што галасавалі людзі, якіх няма, прывіды галасавалі, здані”.
Па словах грамадскага дзеяча, падчас паездкі ён назіраў поўную абыякавасць людзей да выбараў. Паэт сцвярджае, што паўсюль, дзе 25 красавіка ён праязджаў, выбарчыя ўчасткі былі пустыя.
***
22:13. Мікалай Лазавік: "Ставіць пад сумненне вынікі выбараў няма падстаў"
Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік у інтэрв'ю БелаПАН падвёў папярэднія вынікі праведзеных 25 красавіка выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў.
"Пакуль яшчэ канчатковых вынікаў няма, — паведаміў ён, — але ўжо можна з упэўненасцю сказаць, што яўка выбаршчыкаў склала больш як 70 адсоткаў".
"У цэлым на працягу ўсяго перыяду галасавання, у тым ліку датэрміновага, — адзначыў Лазавік, — істотных парушэнняў, якія маглі б паўплываць на ход выбараў, на вынікі галасавання, не было адзначана ні арганізатарамі выбараў, ні назіральнікамі, ні самімі кандыдатамі ў дэпутаты. Вядома, былі асобныя няроўнасці, недапрацоўкі, тым не менш ставіць пад сумненне вынікі выбараў няма падстаў".
Сакратар Цэнтрвыбаркама паведаміў, што падчас выбараў працавала вялікая група назіральнікаў — больш як 18 тысяч унутраных і 50 дыпламатаў, якія былі акрэдытаваны як міжнародныя назіральнікі. Ён выказаў падзяку паслу Швецыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану, які "змог папярэдзіць магчымае парушэнне заканадаўства на адным з выбарчых участкаў".
***
У 20 гадзінаў у нядзелю ў Беларусі былі зачыненыя ўсе выбарчыя ўчасткі і распачаўся падлік галасоў.
***
20:59. У Магілёве назіральніка выгналі з участка падчас падліку галасоў
Віталь Ругайн
Назіральніка ад Магілёўскага праваабарончага цэнтра Аляксея Колчына міліцыя вывялі "пад рукі" з выбарчага ўчастка нумар 11.
Пра гэта сам назіральнік распавёў карэспандэнту Еўрарадыё:
"Пачаўся падлік галасоў я падыйшоў да стала, мне кіраўнічка камісіі сказала сесці. Я сказаў, што мне не бачны і я нікуды не сыйду, калі хочаце выдаляйце. Тады міліцыя пад рукі вывяла мяне з участка".
Назіральнік Барыс Бухель таксама паведамляе пра тое, што як заўсёды не бачны падлік галасоў.
***
20:18. У Магілёве чалавека, за якога прагаласаваў іншы, угаварылі не скандаліць
Віталь Ругайн
На адным з выбарчых участкаў Магілёва за выбаршчыка прагаласаваў нехта іншы, такі факт зафіксаваў назіральнік ад Магілёўскага праваабарончага цэнтра Аляксей Колчын.
Аляксей Колчын: "Я стаў сведкам таго як на адзінаццаты выбарчы участак прыйшоў чалавек і высвятлілася, што за яго ўжо прагаласавалі. Ён быў абураны гэтым фактам і збіраўся напісаць заяву, але кіраўніцтву камісіі ўдалося яго ўлагодзіць і не стаў учыняць скандал".
Па словах маладога чалавека, такі факт з ім адбываецца не ўпершыню, было такое і на мінулых выбарах у парламент.
***
19:57. У панядзелак вынікі выбараў падвядуць ЦВК, апазіцыянеры і праваабаронцы
Папярэднія вынікі выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў пракаментуюць 26 красавіка прадстаўнікі Цэнтральнай выбарчай камісіі, апазіцыі і праваабаронцы.
На 10.00 запланавана прэс-канферэнцыя з удзелам лідэраў "Беларускага незалежніцкага блока" Аляксандра Мілінкевіча і Аляксея Янукевіча, а таксама кандыдатаў у дэпутаты ад блока. Яна пройдзе ў офісе Партыі БНФ у Мінску.
У 12.00 у Нацыянальным прэс-цэнтры Беларусі вынікі галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў падвядзе старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.
У 14.00 у офісе грамадскага аб'яднання "Беларускі Хельсінкскі камітэт" адбудзецца прэс-канферэнцыя па выніках маніторынга выбараў у мясцовыя саветы ўдзельнікаў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Чакаецца, што ў ёй возьмуць удзел лідэр БХК Алег Гулак, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі і праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
У аўторак, 27 красавіка, у 11.00 у офісе Партыі БНФ вынікі выбараў падвядзе аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" з удзелам сустаршыняў аргкамітэта Паўла Севярынца і Віталя Рымашэўскага, паведамляе БелаПАН.
***
19:26. Міліцыянты не знайшлі ў Някляева наркотыкаў, але ўзялі пачытаць прэсу
Зміцер Лукашук
Сустрэчу ў Мазыры з прыхільнікамі паэта і лідэра грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” Уладзіміра Някляева нечакана перапынілі мясцовыя міліцыянты — шукалі наркотыкі. Як паведаміў Еўрарадыё сам паэт, наведаць прыватны дом, дзе праходзіла сустрэча, ахоўнікаў парадку прымусіла тэлефанаванне ананіма.
Уладзімір Някляеў: “Звычайная рэч — ім патэлефанавалі і сказалі, што сабраліся людзі, якія наколатыя, напітыя і ў іх там цэлая хата наркаты і патронаў”.
Праўда, кажа нічога не такога знайшлі. Акрамя некалькіх асобнікаў “Народнай волі” і “Нашай Нівы”, якія “ўзялі пачытаць”.
Уладзімір Някляеў: “Знайшлі толькі “апазіцыйныя” выданні,якія зарэгістраваныя і маюць права быць у кожнай хаце. Некалькі асобнікаў “Народнай волі” і “Нашай Нівы”. І з гэтым яны пайшлі да сябе ў пастарунак. А мы пайшлі і ўсклалі кветкі да помніка ахвярам Чарнобыля”.
Але перш чым людзям дазволілі некуды ісці, ва ўсіх сабралі пашпарты і перапісалі звесткі. Як адзначыў Някляеў, наркотыкі міліцыянты шукалі самастойна, без дапамогі вышуковай сабакі. Альбо, кажа, у іх саміх добры нюх, альбо сабака проста ў гэты дзень быў выходны.
Як раней паведамляла Еўрарадыё, у Мазыр Уладзімір Някляеў прыехаў на сустрэчу з аднадумцамі і прыхільнікамі, наведаўшы па дарозе Брагін, Хойнікі. Падчас усёй паездкі яго здымалі невядомыя людзі ў цывільным на відэа.
***
19:01. У Мінску з выбарчага ўчастку за скаргу выдалілі назіральніка
Наста Манцэвіч
Пра апошнія зафіксаваныя парушэнні падчас выбараў у мясцовыя саветы расказаў Еўрарадыё праваабаронца Валянцін Стэфановіч:
“Толькі што выдалілі нашага назіральніка з участку, пасля таго, як ён напісаў некалькі скаргаў на імя старшыні камісіі. Адна з іх была пра тое, што ў кабінках для галасавання па Чыгуначнай акрузе №20 былі бюлетэні як узор для галасавання. Але прозвішча кандыдата, насупраць якога стаяла птушка, супадала з прозвішчам рэальнага кандыдата з адрозненнем у адну літару, што мы расцэньваем як недазволеную агітацыю”.
Пакуль самыя распаўсюджаныя парушэнні вызначыць цяжка, кажа Валянцін Стэфановіч. Асноўныя парушэнні наперадзе, лічыць ён:
“Тым больш як мы сёння высветлілі, шмат якія старшыні не будуць агалошваць вынікі раздзельнага падліку галасоў. А будуць агалошваць толькі агульны вынік. Мы званілі ў ЦВК, дзе нам пацвердзілі пазіцыю камісіі пра тое, што павінны агалошвацца вынікі раздзельнага падліку галасоў – асобна датэрміновае галасаванне, галасаванне па месцах знаходжання выбаршчыкаў, і потым асноўную скрыню. Але я баюся, што гэтага не будзе. І нашы назіральнікі не даведаюцца, якія былі вынікі па кожным з гэтых відаў галасавання”.
***
18:48. У Брэсце на выбарчым участку вёў сваю рэкламу life:)
Яўген Бяласін
На выбарчым участку ў сярэдняй школе №37 Брэста выбарцам прапаноўвалі стаць абанентам мабільнага аператара life:). Прысутная на ўчастку дзяўчына падпісвала брэстаўчан на бонусны тарыф сеткі.
Дзяўчына: "Калі падпішацеся, то адна бонусная карта пойдзе Вам, другую можаце аддаць сябру альбо знаёмаму. Месяц бясплатна можна гаварыць. Патрэбен толькі пашпарт".
Па яе словах, старшыня камісіі дазволіў ёй распаўсюджваць паслугу на выбарчым участку.
Дарэчы, на life:) падпісвалі яшчэ ў дзіцячым садку №41 - там таксама выбарчы ўчастак.
***
18:10. Лазавік: парушэнні не паўплываюць на вынікі галасавання
Зміцер Лукашук
Ніякіх сур’ёзных парушэнняў на выбарчых участках, на думку сакратара Цэнтрвыбаркама Мікалая Лазавіка, цягам дня не было.
Мікалай Лазавік: “Тыя тэлефанаванні, якія паступаюць у Цэнтрвыбаркам, гавораць пра асобныя недапрацоўкі выбарчых камісій падчас падрыхтоўкі да выбараў. У прыватнасці, паведамляюць, што нехта апынуўся не ўключаным у спіс грамадзян, якія маюць права галасаваць на гэтым выбарчым участку”.
Але такія нязначныя парушэнні, кажа ён, выпраўляюцца лёгка — такога чалавека проста ўносяць у спіс. Галоўнае — паказаць пашпарт з прапіскай.
Таксама сярод нязначных парушэнняў Лазавік адзначыў забарону журналісту Еўрарадыё працаваць на выбарчым участку і тое, што вялікая колькасць кветак замінае назіральнікам займацца сваёй справай. Але, кажа, гэтыя "дробязі" не могуць паўплываць вынікі галасавання.
***
18:03. Мазырскія міліцыянты шукаюць у Някляева наркотыкі
Зміцер Лукашук
Як стала вядома Еўрарадыё, у дадзены момант ў прыватным доме ў Мазыры, дзе праходзіла сустрэча паэта і лідэра грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” Уладзіміра Някляева з прыхільнікамі, адбываецца ператрус. Усіх прысутных затрымалі і перапісваюць звесткі.
Як паведаміў Еўрарадыё Ўладзімір Някляеў, падставаў нібыта стаў ананімны званок міліцыянтам з паведамленнем, што ў тым доме сабраліся наркаманы для ўжывання наркотыкаў.
Уладзімір Някляеў: “Мы акурат зараз яшчэ з імі разбіраемся — у нас наркоты зараз шукаюць. Зараз можа знойдуць!”
Па звестках Еўрарадыё, сёння Няклеў наведаў гарады Рэчыцу, Хойнікі і Брагін. І паўсюдна яго суправаджалі невядомыя ў цывільным, якія ўсе сустрэчы паэта здымалі на відэа.
Фота Змітра Лукашука
***
17.59 "Праз год будуць пышней упрыгожаныя выбарчыя ўчасткі і гарэлка будзе бясплатная!"
"Ці ведаеце, якія ў нас наступныя выбары? Як лічыце, чым яны будуць адрознівацца ад сённяшніх?", ― запыталася Еўрарадыё на вуліцах Мінска.
***
15:45. Ніхто з "Вясёлкі" не прыйшоў "падтрымаць" Ігара Лялькова ў дзень выбараў
Зміцер Лукашук
У Маладэчне датэрмінова прагаласавала звыш 40% ад усіх выбарцаў. Пра гэта Еўрарадыё распавёў намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, які зарэгістраваны ў Маладзечанскай выбарчай акрузе ў якасці кандыдата ў дэпутаты Мінскага аблсавета.
Ігар Лялькоў: “На тых участках, па якіх мы сёння праехалі, датэрмінова прагаласавала ад 28 да 48% выбарцаў. Сярэдняя лічба выходзіць каля 40%”.
Былі адзначаныя і два парушэнні. На выбарчым участку, які месціцца ў сярэдняй школе №8 Маладзечна, калега Лялькова па партыі Ян Лагвіновіч, кандыдат у дэпутаты Маладзечанскага райсавета, бачыў, як двум хлопцам, якія толькі прыйшлі прагаласаваць, сказалі, што ў адпаведнасці са спісамі яны ўжо прагаласавалі. І даказць нешта старшыні выбарчай камісіі яны не змаглі. А каля музычнай вучэльні некуды таемна зніклі плакаты з выявай Ігара Ляльковым. Куды, ніхто не ведае.
Еўрарадыё пацікавілася ў кандыдата, ці прыходзілі нейкім чынам падтрымаць яго ў дзень галасавання хто-небудзь з суполкі пад назвай “Вясёлка”. Нагадаем, што некалькі дзён таму ў Маладзечна з’явіліся ўлёткі нібыта напісаныя сябрамі мясцовай гей-суполкі “Вясёлка”, якія выказаліся ў падтрымку кандыдата ад БНФ. Той гэта расцаніў як правакацыю і накіраваў заяву ў пракуратуру.
Па словах Лялькова, нікога з гэтай таемнай суполкі ён сёння каля выбарчых участкаў не бачыў.
***
15:17. Мікалай Лазавік: прагаласавалі ўжо 53% выбаршчыкаў
Амаль 53% выбаршчыкаў прагаласавалі на 14 гадзінаў на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. У датэрміновым галасаванні прынялі ўдзел 29,3%, а за шэсць гадзінаў у дзень асноўнага галасавання — 23,4%.
Як паведамляе БелаПАН, па-ранейшаму найбольш актыўна галасуюць жыхары Віцебскай вобласці, дзе на выбарчыя ўчасткі ўжо наведалі 62,9% унесеных у спісы выбаршчыкаў. Найменш актыўна галасуюць мінчукі — 40,1%.
***
14:58. Журналіста Еўрарадыё выдалілі з участку з дапамогай міліцыі (відэа)
Еўрарадыё
Старшыня выбарчай камісіі сталічнага ўчастку для галасавання №75 разам са сваімі падначаленымі забараніла карэспандэнту Еўрарадыё Валеру Руселіку здымаць фота і відэа на ўчастку. Калі журналіст пачаў спасылацца на заканадаўства, старшыня камісіі выклікала міліцыянтаў, якія вывелі журналіста з участка літаральна пад рукі.
Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, каментуючы гэты выпадак, адназначна заняў пазіцыю журналіста. І паабяцаў разабрацца.
Мікалай Лазавік: “Артыкул 13 дазваляе акрэдытаваным у Беларусі журналістам асвятляць ход выбарчай кампаніі. І таму нейкіх забаронаў не існуе – журналісты працуюць у нас свабодна. У кожным выпадку, журналіст, згодна з заканадаўствам, мае права асвятляць ход выбарчай кампаніі. Калі нехта з чальцоў камісіі ці старшыняў камісіі не зразумеў гэтага альбо недастаткова засвоіў нормы заканадаўства, якое дазваляе свабодна працаваць журналісту, тут мы, Цэнтравыбаркам, аператыўна паправім яго. Празмерную асцярожнасць праяўляе старшыня камісіі, і журналіст мае права і павінен асвятляць ход выбарчай кампаніі!”
Дарэчы, менавіта па ўчастку №75, які знаходзіцца ў сталічнай школе №125, балатуецца актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Ягорава. Яе асноўная канкурэнтка – дырэктар згаданай школы Таццяна Берасцевіч. Выбарчую камісію на ўчастку ўзначальвае намесніца дырэктаркі.
***
14:48. За сябра Партыі БНФ прагаласаваў адзін курсант Інстытута нацбяспекі
Вынікі галасавання ўжо падведзеныя на выбарчым участку №10 Першамайскай акругі № 56 па выбарах дэпутатаў Мінгарсавета. Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік старшыні сталічнай арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Канапацкі, які балатуецца па гэтай акрузе.
Адзначым, што выбарчы ўчастак знаходзіцца ў Інстытуце нацыянальнай бяспекі КДБ, галасуюць на ім курсанты. Абсалютная большасць з іх прагаласавалі за кандыдата ад улады, за Канапацкага прагаласаваў толькі адзін курсант.
***
14:38. У Рэчыцы на выбарчым участку затрымалі кандыдата ў дэпутаты
Кандыдата ў дэпутаты па Рэчыцкай індустрыйнай акрузе №3 Аляксея Змушко, а таксама яго брата Канстанціна, затрымалі міліцыянты на ўваходзе на выбарчы участак. Прычыну затрымання міліцыянты не патлумачылі.
Як паведаміў БелаПАН адзін з лідэраў аргкамітэта па стварэнню партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец, пасля гэтага на ўчастак не пускалі нават выбаршчыкаў, якія хацелі прагаласаваць, і яго праца была заблакаваная.
***
14:26. На ўчастку у Мінску назіральнікаў прыкрылі кветкамі і заглушылі музыкай
Наста Манцэвіч
Еўрарадыё адправілася на галасаванне на выбарчы ўчастак №18 Сухараўскай акругі №30 у Мінску. Сёння а дзясятай раніцы тут галасаваў кандыдат у дэпутаты 24-гадовы юрыст Арцём Шаркоў.
***
14:05. ЦВК: сігналаў аб сур’ёзных парушэннях пакуль не паступала
Зміцер Лукашук
Звестак пра нейкія парушэнні з выбарчых участкаў у Цэнтрвыбаркам не паступала. Пра гэта Еўрарадыё заявіў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік:
“У нас працуе 18343 назіральніка, 50 — міжнародных назіральнікаў. І нейкіх сігналаў, якія сведчылі аб сур’ёзных парушэннях, якія маглі б пацягнулі б скажэнне вынікаў галасавання, пакуль не паступала”.
Нагадаем, што галасаванне працягнецца да 20 гадзін.
Фота Змітра Лукашука
***
14:00. Незалежныя назіральнікі працуюць на 3% выбарчых участкаў па краіне
Андрэй Елісееў
Незалежныя назіральнікі працуюць прыблізна на 200 выбарчых участках з 7 тысяч па краіне, заявіў Еўрарадыё праваабаронца Алесь Бяляцкі.
На дадзены момант пра вялікія масавыя парушэнні казаць не прыходзіцца. Але пэўныя факты ўжо ёсць, кажа Алесь Бяляцкі: “Ёсць звесткі, што на мінскіх участках выдаляюць назіральнікаў і давераных асобаў з участкаў, якія спрабуюць згодна з заканадаўствам атрымаць інфармацыю ад выбарчых камісій”.
Але непакоіць “надзвычай высокі” паказчык выбарцаў, што прагаласавалі тэрмінова, кажа Алесь Бяляцкі. Паведамляецца, што за пяць дзён датэрміновага галасавання свой голас аддалі амаль 30% выбарцаў.
Захаванне і падлік гэтых бюлетэняў адбываецца не празрыста і што з імі робіцца на працягу пяці дзён іх захавання — цяжка. Увогуле маюцца падазрэнні, што іх не лічаць, адзначае праваабаронца.
Алесь Бяляцкі адзначае, што зрабіць высновы і прывесці адпаведную статыстыку можна будзе ў канцы дня. Назіральнікі паведамяць, ці будуць лічыць датэрміновыя бюлетэні асобна і наколькі празрыстым пройдзе падлік.
***
13:54. У Мастах ужо складзена 5 актаў аб парушэнні выбарчага кодэксу
Еўрарадыё
Давераныя асобы кандыдатаў у дэпутаты Мастоўскага райсавета Дзмітрый Кухлей і Андрэй Гайдукевіч склалі пратаколы аб парушэнні Выбарчага кодэксу на Будаўнічым ўчастку № 6 у Мастах. Аб гэтым Еўрарадыё распавёў Дзмітрый Кухлей.
Кухлей: "Згодна з артыкулам №13 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь назіральнік, у тым ліку давераная асоба кандыдата ў дэпутаты, мае права прысутнічаць пры пламбаванні або апячатванні скрыняў для галасавання. Я быў на Будаўнічым ўчастку для галасавання ў 8.50 у памяшканні, дзе адбываецца галасаванне. У гэты час урны стаялі не апячатаныя. Аднак старшыня камісіі Будаўнічага ўчастку для галасавання № 6 Ціхановіч адмовіў мне ў праве прысутнічаць пры апячатванні скрыняў для галасавання і не дапусціў да назірання за працэсам апячатвання і пламбавання. На патрабаванне старшыні камісіі я быў вымушаны выйсці з памяшкання, дзе праводзілася апячатванне скрыняў для галасавання. Лічу гэта прамым парушэннем Выбарчага кодэксу. Незаконныя дзеянні камісіі могуць значна паўплываць на вынікі выбараў".
Сёння раніцай тры акты аб парушэнні правілаў правядзення галасавання склаў таксама Аляксандр Пудаўкін. Ён з'яўляецца даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты Мастоўскага райсавету Алеся Зарэмбюка.
***
13:39. У выбарах ужо прынялі ўдзел 42% выбаршчыкаў
Амаль 42% (альбо амаль 3 млн чалавек) выбаршчыкаў ужо прынялі ўдзел у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Пра гэта сведчаць звесткі Цэнтрвыбаркама па становішчы на 12 гадзінаў, паведамляе БЕЛТА.
Калі раней лідыравала Магілёўская вобласць, дык цяпер Віцебская, дзе ўжо прынялі ўдзел больш за палову выбаршчыкаў — 50,3%.
***
13:25. Лукашэнка: Мясцовыя саветы недастаткова кантактуюць з народам
Мясцовыя
саветы недастаткова кантактуюць з народам, лічыць Аляксандр Лукашэнка.
"Я хацеў бы, каб мы пасля выбараў кардынальна памянялі сітуацыю ў гэтым
плане. Мясцовыя саветы разам з прафсаюзамі і іншымі грамадскімі
арганізацыямі з'яўляюцца апірышчамі, слупамі грамадства", — цытуе словы
кіраўніка дзяржавы БелаПАН.
***
13.32 “Галасую за любога, але я наогул нікога не ведаю!”
Еўрарадыё запыталася ў мінчукоў, як яны выбралі, за каго прагаласаваць?
12:43. Янукевіч: нават "свой" чалавек у камісіі не перашкодзіць фальсіфікацыям
Зміцер Лукашук
Карэспандэнт Еўрарадыё прагаласаваў разам са старшынём Партыі БНФ Аляксеям Янукевічам
***
12:28. У Брэсце назіральнікаў выгналі з выбарчага ўчастка
Яўген Бяласін
Як паведаміў Еўрарадыё кандыдат у дэпутаты Брэсцкага абласнога і гарадскога саветаў Мікалай Лусевіч, на выбарчым участку у сярэдняй школе №14 не дапусцілі да назірання яго давераных асобаў. Сакратар камісіі ў грубай форме выдаліла іх з участка, сказаў спадар Лусевіч.
На ўчастку няма старшыні выбарчай камісіі. З урнай для галасавання па месцы пражывання пайшоў адзін чалец выбарчай камісіі.
Усе гэта — парушэнні новай рэдакцыі Закона аб выбарах, падкрэсліў Мікалай Лусевіч. У абласную выбарчую камісію накіраваныя скаргі.
Адзначым, што Мікалай Лусевіч ўваходзіць у ініцыятыўную групу па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.
***
12:14. На выбарах працуюць больш за 18 тысяч унутраных назіральнікаў
Больш за 18 тысяч унутраных назіральнікаў працуюць на мясцовых выбарах у Беларусі. 900 з іх назіраюць за працай тэрытарыяльных і акруговых камісій, астатнія назіраюць за працай участковых камісій.
Як адзначыў у інтэрв'ю БелаПАН сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, у сярэднім на кожны выбарчы ўчастак прыпадае па тры назіральнікі, а ў буйных гарадах іх можа быць па 5-6 чалавек.
***
11:46. Назіральнікі: На выбарчых участках у Магілёве шэраг парушэнняў
Віталь Ругайн
Як паведаміў Еўрарадыё назіральнік ад Магілёўскага праваабарончага цэнтра Барыс Бухель, на участках з 110-га па 116-ы ў Магілёве не вісяць пратаколы датэрміновага галасавання.
Барыс Бухель: "Інфармацыю яны даюць, але пратаколы не павесілі — гэта парушэнне. Таксама ў 6-й школе назіральнікаў пасадзілі за кабінкамі для галасавання, таму яны не бачаць ні скрыняў, ні выдачы бюлетэняў. На мінулых выбарах мяне выкінулі з гэтай школы".
***
11:18. На выбарах ужо прагаласавалі 33,1% выбаршчыкаў
33,1% выбаршчыкаў прагаласавалі па краіне па дадзеных на 10 гадзінаў раніцы нядзелі на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў.
Як паведамляе БелаПАН, за дзве гадзіны 25 красавіка ў галасаванні паўдзельнічала 3,8% выбаршчыкаў, яшчэ 29,3% выбаршчыкаў паўдзельнічалі ў датэрміновым галасаванні.
Найбольш актыўнымі застаюцца жыхары Магілёўскай вобласці — 39% прагаласаваўшых, найменш актыўныя мінчукі — 26,2%.
***
11:04. На ўчастку ў Віцебску датэрмінова прагаласавалі каля 60% выбарцаў
Еўрарадыё
Гэта адбылося на ўчастку №47, дзе знаходзяцца інтэрнаты мясцовага тэхналагічнага ўніверсітэта.
Як паведаміў Еўрарадыё кандыдат у Віцебскі гарсавет Уладзімір Рамановіч, на тэрыторыі ўчастка налічваецца каля 1600 чалавек.
Рамановіч:
"За час датэрміновага галасавання прагаласавалі каля 850-900 чалавек —
амаль усе тыя, хто пражываў у інтэрнаце. Людзі, канечне,
выкарыстоўваюць магчымасць, каб паехаць дадому, адпачыць у выходныя.
Але студэнты тэлефанавалі мне і нават праз сацыяльную сетку казалі, што
складаюць спісы на студэнтаў і ходзяць па інтэрнацкіх пакоях і
пытаюцца, хто калі будзе галасаваць".
Па словах кандыдата, адміністрацыя інтэрнатаў настойліва прасіла студэнтаў, каб яны прагаласавалі датэрмінова.
Акрамя
таго, адзначыў Рамановіч, на выбарчым участку яго акругі сябры БРСМ
ладзілі акцыю з бясплатнай раздачай Канстытуцыі выбарцам. Пасля скаргі
кандыдата ў гарадскую выбарчую камісію бээрэсэмаўцы з выбарчага ўчастку
зніклі.
***
10:36. У Мінску затрымалі назіральніка Аляксандра Таўстыку
Прадпрымальнік Аляксандр Таўстыка, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Мінгарсавета Алеся Лагвінца, быў затрыманы вечарам 24 красавіка на ўчастку для галасавання № 27 Сухараўскай выбарчай акругі № 30 у Мінску.
Як паведамляе БелаПАН, Таўстыка, які назіраў за датэрміновым галасаваннем, зрабіў заўвагу намесніку старшыні камісіі, калі ў кабінку адначасова зайшлі два чалавекі. Праз 20 хвілін з'явілася старшыня камісіі Аксана Кокарава, якая стала абвінавачваць Аляксандра Таўстыку ў "парушэнні грамадскага парадку" і выклікала міліцыю.
Цяпер назіральнік, на якога быў складзены пратакол аб "дробным хуліганстве", знаходзіцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Суд над ім мусіць адбыцца ў панядзелак.
***
10:19. У Маладзечне на адным з участкаў датэрмінова прагаласавалі 48% выбаршчыкаў
48% выбаршчыкаў датэрмінова прагаласавалі на Яшменскім выбарчым участку № 24 у Маладзечне. На ім перакрыжоўваюцца некалькі выбарчых акругаў па выбарах у абласны і раённы саветы. Галасуюць на ўчастку жыхары бліжэйшых чатырох інтэрнатаў, якія належаць розным прадпрыемствам горада.
Як адзначае БелаПАН, у сярэднім па Маладзечне датэрмінова прагаласавалі болей за 30% выбаршчыкаў. А на ўчастку ў вёсцы Беніца Маладзечанскага раёна датэрмінова прагаласавалі 70% выбаршчыкаў.
***
09.44 “Кандыдаты з намі не сустракаліся, затое пад'езд увесь заляпаны!”
“Як праходзіла перадвыбарчая кампанія?”, ― запыталіся мы на вуліцах Мінска.
09:30. Лазавік: Датэрмінова прагаласавалі 29% выбаршчыкаў
29,3% выбаршчыкаў прагаласавалі датэрмінова за пяць дзён на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Пра гэта паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік.
Мікалай Лазавік: "У цэлым прагаласавала 29,3% выбарцаў. У абсалютным выяўленні гэта 2 мільёны чалавек ад 7 мільёнаў, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах".
Паводле яго слоў, найбольш актыўна галасавалі выбаршчыкі Магілёўскай вобласці (34,3%), найменш актыўна — Мінску (23,5%).
Лазавік адзначае, што на цяперашніх выбарах яўка выбаршчыкаў падчас датэрміновага галасавання аказалася большай, чым на папярэдніх — у 2007 годзе, калі прагаласавалі амаль 25% выбаршчыкаў. На яго думку, гэта тлумачыцца тым, што з выбарцамі ладзілася арганізацыйна-выхаваўчая работа, а таксама добрым вясновым надвор'ем.
***
02:47. У Брэсце апазіцыйныя партыі скаардынавалі назіранне ў дзень выбараў
Яўген Бяласін
25 красавіка, у дзень выбараў, назіральнікі ад ініцыятыўнай групы па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” і ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” будуць падстрахоўваць адзін другога на сваіх участках. Пра гэта паведаміў Еўрарадыё Мікалай Лусевіч, кандыдат у Брэсцкі гарадскі і абласны саветы.
Такім чынам, скаардынаванае назіранне на 11 акругах, дзе ідуць сацыял-дэмакраты з “Грамады”, і на 8 акругах, дзе будуць кандыдаты БХД, сказаў спадар Лусевіч.
Каардынацыя ў назіранні не замінае канкурэнцыі на выбарах. На 13-й выбарчай акрузе, дзе балатуецца Мікалай Лусевіч, БСДП (Г) вылучыла свайго кандыдата, Аляксандра Салдаткіна. Канкурэнт ад “Грамады” ёсць у Лусевіча і на выбарах у гарадскі савет.
***
Выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў пройдуць 25 красавіка ў Беларусі. На
выбарах будуць абраныя 21300 дэпутатаў для працы ў 1495 мясцовых
саветах — абласных, гарадскіх, раённых і пасялковых. Самы вялікі
конкурс фіксуецца ў Мінгарсавет — 3,9 кандыдата на адно месца, у
сярэднім па краіне гэтая лічба складае толькі 1,2 кандыдата, паведамляе
БЕЛТА.
Адзначым,
што барацьбу за дэпутацкія месцы працягваюць больш за 25 тысяч чалавек,
а сярод іх каля 300 прадстаўнікоў апазіцыйных партый і рухаў.
З
20 красавіка адбывалася датэрміновае галасаванне. За чатыры дні правам
на яго скарысталіся 22,1% выбарнікаў. Найбольш актыўна галасавалі
Магілёўская (26,1%) і Гомельская (25,9%) вобласці, а найменш актыўна —
Мінск (17,4%).
Сёлетнія выбары — першыя, якія адбываюцца паводле змененага Выбарчага кодэксу.
***
Фота Змітра Лукашука і ByMedia