Ці падпішацца "Белая Русь" за альтэрнатыўных кандыдатаў?
Самае буйное грамадскае аб'яднанне краіны на просьбу прэзідэнта не адгукнулася. А ў райцэнтрах людзі і падпісаліся б, ды апазіцыянеры да іх не даязджаюць.
На сустрэчы з кіраўніком сваёй ініцыятыўнай групы Аляксандр Лукашэнка
звярнуўся да выбаршчыкаў з просьбай падтрымаць альтэрнатыўных
кандыдатаў. "Трэба людзям патлумачыць, каб яны падтрымалі і тых. Гэта
ж не галасаванне за прэзідэнта. Гэта выдача квітка на тое, каб ты далей
прымаў удзел у прэзідэнцкіх выбарах. <...> Таму няхай людзі і іх
падтрымаюць", — сказаў кіраўнік краіны.
Найперш і найлепш
падтрымаць каго-небудзь з астатніх 14 вылучэнцаў па ініцыятыве
прэзідэнта магло б грамадскае аб'яднанне "Белая Русь", 100 тысяч сяброў
якога дружна падпісаліся за Аляксандра Лукашэнку.
"Сябры "Белай Русі" вызначылі фармат свайго ўдзелу ў выбарах яшчэ летась у снежні, падчас пасяджэння пашыранага прэзідыума, — распавёў прэс-сакратар аб'яднання Юрый Міронаў. —
І сёлета, як і абяцалі, мы выканалі свой партыйны абавязак і падтрымалі
кіраўніка дзяржавы. Гаворка нават не пра збор подпісаў, а менавіта пра
тое, што кожны за сябе паставіў подпіс. І мы прадэкларавалі гэтыя 100
тысяч".
Натуральна, пасля просьбы прэзідэнта гэтак жа
цэнтралізавана можна было б падпісацца і, напрыклад, за Рыгора Кастусёва
ад Партыі БНФ. Але тут альтэрнатыўным кандыдатам не перападзе:
"Рашэння
з гэтай нагоды "Белая Русь" не прымала. То бок, у нас быў прэзідыум, на
якім і далёка гэтае пытанне не разглядалася. Таму падпісвацца ці не за
альтэрнатыўных кандыдатаў — застаецца асабістай справай людзей. І я
ўпэўнены, што такія людзі будуць — хаця б адзін, але хто-небудзь захоча
падтрымаць каго-небудзь іншага", — дадаў Юрый Міронаў.
У рэгіёнах на просьбу прэзідэнта адрэагавалі з разуменнем.
"Прэзідэнт меў права на такую просьбу, — лічыць начальніца ідэалагічнага ўпраўлення Ўшацкага райвыканкама Вольга Захаранка. —
Але мы, нават каб і захацелі, не можам самі падпісваць людзей за іншых
асобаў, якія хочуць стаць кандыдатамі. Гэта могуць рабіць толькі сябры
іх ініцыятыўных груп. Мы маглі б па просьбе прэзідэнта арганізаваць
людзей, але трэба, каб быў хаця б адзін чалавек з пасведчаннем
ініцыятыўнай групы іншага кандыдата. А дзе яны?! Нікога няма".
Сяргей Марозаў,
які курыруе пытанні ідэалогіі ў Крычаўскім райвыканкаме, удзельнічаць у
нашай апытанцы адмовіўся, ледзь пачуўшы, што яму тэлефануе Еўрарадыё.
Затое нас добра ведаюць у Бярозе. Але ў працэс збору подпісаў мясцовая
ідэалагічная вертыкаль не ўмешваецца, распавёў намстаршыні Бярозаўскага райвыканкама Яўген Тарасюк:
"Я
не магу ісці і за каго-небудзь збіраць подпісы. Я мушу быць
нейтральным. Улада павінная даць людзям магчымасць прыйсці на выбары і
зрабіць свой выбар. Таму... Прэзідэнт сказаў — ёсць супрацоўнікі
перадвыбарнага штаба, гэта іх трэба спытацца. А я не павінен некаму
даваць прэферэнцыі. Нам гэта забаронена па законе".
У Полацкім раёне людзі, мабыць, і хацелі б падпісацца за каго-небудзь акрамя Аляксандра Лукашэнкі, але, паводле звестак намесніка старшыні райвыканкама Пятра Пяткевіча, у вёсках збіраюць подпісы выключна за дзеючага прэзідэнта:
"У
нас у вясковых населеных пунктах збору подпісаў за ўсіх 15 кандыдатаў
не вядзецца. Па вёсцы ў нас была ініцыятыўная група — бібліятэкар і
нехта яшчэ — хадзілі і сабралі пэўную колькасць подпісаў за Лукашэнку".
У
паўторную вандроўку па вёсках гэтыя мужныя людзі не паедуць. Таму калі ў
вяскоўцаў і ўзнікне жаданне падтрымаць іншых прэтэндэнтаў на
прэзідэнцкую пасаду — давядзецца выправіцца ў горад.
Фота: Bymedia.