Ці атрымае Беларусь грошы ад МВФ без згоды Еўрасаюза?

120306 Svjardlou MVF.mp3

5 сакавіка з Беларусі з’ехала чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду. Самае цікавае, чым запомніцца яе праца, — гэта ледзь заўважная змена рыторыкі наконт далейшых крэдытаў.

Вось як пазіцыя МВФ выглядае 10 лютага, за два тыдні да пачатку дыпламатычнай вайны:

“МВФ не з’яўляецца палітычнай арганізацыяй. Гэта арганізацыя эканамічная. І мы не маем ніякіх палітычных крытэрыяў. Мы нават не можам іх кантраляваць. Таму гэта не наша пытанне”, — распавядае цяпер ужо былы сталы прадстаўнік МВФ у нашай краіне Наталля Калядзіна.

5 сакавіка ў кіраўніка місіі МВФ у Беларусі Крыса Джарвіса пытаюцца пра тое, як на магчымы крэдыт паўплывае дыпламатычная вайна паміж Беларуссю і Еўропай. Дзяжурны адказ пра тое, што “МВФ не з’яўляецца палітычнай арганізацыяй”, раптам змяняецца на іншы:

Крыс Джарвіс: “Мы не можам неяк прадказаць, што будзе ўплываць на рашэнне і паводзіны краінаў — удзельніц МВФ. Мы са свайго боку хацелі б аказаць ураду і Нацбанку падтрымку ў распрацоўцы надзейнай палітыкі, якая магла б быць падтрыманая чальцамі МВФ. І толькі калі мы ўбачым добрыя перспектывы таго, што ўсе дзяржаўныя структуры гатовыя аказаць падтрымку ў рэалізацыі гэтай праграмы, мы будзем кансультавацца з краінамі — удзельніцамі МВФ”.


Незалежны аналітык Сяргей Чалы мяркуе, што пад кароткім выказваннем Джарвіса знаходзіцца вялікая “падводная” частка:

Сяргей Чалы: “Палітычны аспект напэўна прысутнічае. Але рэч у тым, што МВФ не можа пра гэта казаць адкрыта. Бо гэта ж сапраўды непалітычная арганізацыя, у статуце якой няма пунктаў “дэмакратызацыя” і “змаганне за вызваленне палітвязняў”.

Нават не выстаўляючы палітычных патрабаванняў, краіны, што ўваходзяць у дырэктарат МВФ, могуць выяўляць праз яго сваю палітычную волю. Як даведалася Еўрарадыё, фонд прымае рашэнні простай большасцю галасоў. Пры гэтым ЗША і краіны Еўрасаюза на дваіх маюць амаль 50% галасоў, а Расія — ўсяго толькі 2,5%. Таму ЗША і ЕС могуць правесці любое сумеснае рашэнне.

Wikileaks паведамляе, што ўлетку 2009 года ЗША дапамагаюць Беларусі пашырыць крэдыт МВФ з 2,5 да 3,5 мільярда долараў, устрымаўшыся (!) пры галасаванні. Але шмат палітвязняў з’явілася з тых часоў. У жніўні 2011 года шасцёра амерыканскіх сенатараў заклікаюць МВФ адмовіцца ад фінансавай падтрымкі Беларусі.

“Я не магу адказаць ні “так”, ні “не”, бо гэтае пытанне не ўваходзіць непасрэдна ў сферу маёй кампетэнцыі”, — не жадае раскрываць выніковую пазіцыю Злучаных Штатаў кіраўнік амерыканскай дыпмісіі ў Беларусі Майкл Скэнлан.

Наталля Калядзіна, якая цягам апошніх гадоў прадстаўляла МВФ у Беларусі, вяртаецца ў Вашынгтон у красавіку. Яе замяняе Марк Ален — сталы прадстаўнік фонду ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Ален мае вялікі досвед працы з пераходнымі эканомікамі: з 1990 па 1993 год ён працаваў у Польшчы, а з 1996 па 1998 — у Венгрыі. У тыя часы абедзве краіны балюча перажывалі эканамічную трансфармацыю.

Цікава, што яшчэ ў 2002 годзе новы прадстаўнік МВФ у Беларусі заўважае, што змяніць эканоміку нашай краіны немагчыма без палітычных пераўтварэнняў:

Марк Ален: “У Расіі, Беларусі і суседніх краінах усталяваць дэмакратычны палітычны асяродак нашмат больш складана. Але проста немагчыма не падкрэсліць важнасць палітычнай сістэмы для належнага функцыянавання рынкавай эканомікі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі