Ці будуць працаваць у Кітайска-беларускім тэхнапарку жыхары Смалявіч?

120614 Savi4 Praca.mp3

"У тэхнапарку будуць развівацца электроніка, медыцына, тонкая хімія, — гаворыць намеснік старшыні Смалявіцкага раённага выканаўчага камітэта Наталля Якубіцкая.Але праект будзе будавацца з нуля, таму будуць патрэбныя ўсе — ад бухгалтараў да падсобных рабочых".

Чыноўнікі Смалявічаў не сумняваюцца, што для мясцовых жыхароў будаўніцтва і далейшая праца тэхнапарку — адныя плюсы. Запатрабаванасць у кадрах, здаецца, павінна поўнасцю знішчыць 0,2% беспрацоўных у Смалявічах. Як даведалася Еўрарадыё, большасць мясцовых сёння працуе на птушкафабрыцы — тут занята каля 3 тысяч чалавек, і ў гандлі — каля тысячы жыхароў.

Як заўважае старшыня галоўнага ўпраўлення інвестыцый Мінэканомікі Кірыл Каратэеў, надзея на тое, што будуць працаваць беларусы, ёсць, бо прыярытэт ў праекце "Кітайска-беларускі тэхнапарк" аддаецца мясцовай сіле.

А чаму не працаваць, калі для працаўнікоў будучых кампаній 9-працэнтны падаходны падатак, што на 3% менш за беларускі.

Стварэнне новых працоўных месцаў было адным з галоўных козыраў, якія казалі на карысць будаўніцтва АЭС у Астраўцы. Жыхар гэтага горада Іван Крук расказвае Еўрарадыё, што ім абяцалі шмат чаго:

“Павінны былі пабудаваць новы мікрараён, новую бальніцу, дзіцячыя садкі і школы, нават Лядовы палац! Нічога пакуль гэтага няма”.

"Муж працаваў на будаўніцтве муляром, абяцалі доўга, што падвысяць заробкі, але муж зарабляў каля мільёна — вырашыў кінуць. Яны цэлай брыгадай звольніліся. Уладкавацца туды не цяжка — на АЭС пастаянна патрабуюцца будаўнікі", — расказвае Еўрарадыё жыхарка Астраўца Святлана.

Пра нізкія заробкі ў аддзеле кадраў генеральнага падрадчыка ўпраўлення будаўніцтвам БелАЭС пацвярджаюць. Але зараз заробкі ўзняліся.

“Так, людзі зараблялі каля мільёна, але ўжо, пэўна, два-тры месяцы заробкі ў нас іншыя — каля 4 мільёнаў”, — кажа спецыяліст аддзелу кадраў Станіслаў Рававы. — У кожнай з субпадрадных арганізацый, а іх толькі ў нас працуе каля дзясятка — розныя заробкі”.

Як даведалася Еўрарадыё, у апараце кіраўніцтва Астравецкай АЭС працуе толькі тры чалавекі з Астраўца. Але — каля 80% будаўнікі.

Нечакана высвятляецца, што Астравецкія будаўнічыя прадпрыемствы: ПМК-159 і Дарожнае рамонта-будаўнічае ўпраўленне-159 — амаль не прымаюць удзелу ў будаўніцтве АЭС і выконваюць толькі асобныя работы. Затое ў Астравец прыязджаюць будаўнікі са ўсіх рэгіёнаў краіны. Вахтавым метадам працуюць каля дзесяці падрадных арганізацый са Смаргоні, Мінска, Гродна, Бярозы і нават Гомеля — у брыгадзе па 20-30 чалавек. Напрыклад, прараб Смаргонскага ПМК-165 Вячаслаў гаворыць, што ў брыгадзе працуе тры будаўнікі з Астраўца.

Таму жыхары Астраўца спадзяюцца на будаўніцтва АЭС, жыхары Смалявіч — на Кітайска-беларускі тэхнапарк, астатнім застаюцца "Дажынкі".

Фота: onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі