Ці транспартуюць пацярпелых за мяжой беларусаў на "лятаючым шпіталі"?

120817 Savich MChS.mp3

Цяжка траўміраваных расіян, а таксама неданошанае дзіця, што нарадзілася ў Турцыі, Расія транспартавала на спецыяльна абсталяваным самалёце. Пазайздросціўшы расіянам, Еўрарадыё высветліла, ці ёсць такая магчымасць, дабрацца дахаты і ў беларусаў, у выпадку, не дай бог, няшчасных здарэнняў.

“Канечне, у "Белавіі" — самалёты, у МНС — верталёты... Тэарэтычна, магчыма даставіць у Беларусь нават неданошанае дзіця, але заключэнне аб транспарціроўцы даюць звычайна ў Міністэрстве аховы здароўя. Калі там даюць дабро, мы перавозім. Хоць наша тэхніка і не абсталявана пад транспарціроўку такіх пацярпелых, не абсталявана медыцынскімі апаратамі”, — кажа начальнік прэс-службы МНС Беларусі Віталь Навіцкі.

Няма асаблівай спецыяльнай авіятэхнікі і ў Цэнтры экстранай дапамогі пры Міністэрстве аховы здароўя. Там тлумачаць, што звычайна ў такіх выпадках яны звяртаюцца ў МНС, і тое, зрэдку — транспарціроўка па паветры ў дзесяткі разоў даражэйшая, чым наземным транспартам:

“Звычайна МНС дастаўляе пацярпелых беларусаў з Расіі і Украіны. І з гэтым у нас спалучана мноства праблем. Большасць беларусаў не страхуецца пры паездках у Расію і Украіну. А таму ўсе выдаткі на транспарціроўку кладуцца на плечы пацярпелых, у якіх звычайна няма такіх сродкаў. Потым, праўда, грошы знаходзяцца”.

У практыцы Цэнтра было некалькі выпадкаў, калі пацярпелых транспартавалі за кошт дзяржавы.

"Везлі людзей з Камчаткі і транспарціроўка каштавала дзясяткі тысяч долараў. Зразумела, што ў простых людзей такіх сродкаў няма, таму дзяржава бярэ ў рэдкіх выпадках на сябе такія сумы”.

Канкрэтную суму, якая выдаткоўваецца на транспарціроўку, назваць нельга — усё залежыць ад складанасці перавозкі, арандуемай тэхнікі і нават заробка лекара, які будзе суправаджаць пацярпелага. Апошняя сума, затрачаная на наземную транспарціроўку хворага — каля 20 мільёнаў беларускіх рублёў. Транспарціроўка верталётам абышлася б у дзясяткі разоў даражэй.

У МНС кажуць, што з Расіі і Украіны яны дастаўляюць беларусаў на верталёце некалькі разоў на год, але дакладнай статыстыкі няма — раз на раз не прыходзіцца.

А вось транспарціроўка пацярпелых беларусаў з краін далёкага замежжа звычайна здзяйсняецца на ... самалёце.

"Калі нешта здараецца, заказваем месцы ў пасажырскім самалёце, дзе пры неабходнасці здымаюцца крэслы, каб размясціць пацярпелага, усталяваць неабходнае медыцынскае абсталяванне”, — кажуць у Белдзяржстраху.

Паводле слоў спецыяліста страхавой кампаніі, перавозка цяжка пацярпелага беларуса з медыцынскім суправаджэннем і арэндай медыцынскага абсталявання з Турцыі каштуе ад 2 да 5 тысяч еўра. Выдаткі на пералёт і суправаджэнне звычайна выплачваюцца са страхавой сумы.

"Да 70 тысяч долараў страхавая сума, — кажуць у сталічным турагенцтве.

“Гэтая сума павінна пакрыць выдаткі на ўтрыманне хворага і яго знаходжанне ў краіне на працягу прыкладна сямі дзён .... Вядома, лячэнне за мяжой звычайна каштуе даражэй. Вось аперацыя ў выпадку пералому пазваночніка каштуе парадку …13 тысяч долараў”, — дзеліцца дзяўчына звесткамі, запазычанымі з інтэрнэту.

Максімальная ж сума страхоўкі пры паездцы, да прыкладу, ў Турцыю — 100 000 долараў. Хоць на практыцы беларусы страхуюцца на 50 тысяч долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі