Тысячы фур і грузавікоў аб’язджаюць пункты збору платы па вясковых дарогах
Такая хітрасць на трасе Орша-Брэст каштуе дзяржаўнаму бюджэту больш за 1 мільён долараў у год.
Пра гэтую сітуацыю Еўрарадыё распавялі дачнікі з таварыстваў, якія знаходзяцца пад Стоўбцамі, непадалёк пункта збірання дарожнай платы “Коласава”.
Дачнік: “Літаральна праз кіламетр пасля нашых дач — пункт збірання дарожнай платы. Не ўсе, але многія фуры і грузавікі, каб не плаціць, едуць праз нашыя дачы, а потым праз вёскі Бярозаўка, Засулле і Ячонка — і вяртаюцца на Брэсцкую трасу. Нас гэта не задавальняе, бо, па-першае, яны разбіваюць ушчэнт грунтовую дарогу — і нам потым на легкавіках па гэтых калюжынах не праехаць. Па-другое, пыл ад іх стаіць дзень і ноч — усё нам на агароды. І па-трэцяе, страшна дзяцей ад дома адпускаць — гэтыя фуры нясуцца на ўсёй хуткасці!”.
Ад адчаю дачнікі гатовыя на ўсё
Парушальнікаў дачнікі фатаграфуюць. Толькі не ведаюць, што далей рабіць з гэтымі здымкамі...
Дачнікі змагаюцца як могуць — і самі, і ў інстанцыі звярталіся. Пакуль нічога не дапамагае.
Дачнік: “Мы звярталіся ў стаўбцоўскую ДАІ. Яны рэагуюць — прыедуць, пастаяць паўгадзінкі, зловяць пару фур — і на гэтым усё. Звярталіся ў Дзяржкантроль. Адказалі: не наша парафія, вось калі б нехта на пункце пропуску махляваў, тады — да нас… Але яны накіравалі ліст у ДАІ — пасля чаго на нашай дарозе павесілі знак “10 тон”. Цяпер усе фуры, фактычна, парушаюць правілы дарожнага руху”.
Забаронны знак для фур вісіць на трасе — гэтага дамагліся дачнікі пасля заявы ў Камітэт дзяржкантролю
Яшчэ адзін знак — на самой дарозе
Фуры аб'язджаюць пункты платы няспыннай плынню
Пункты збірання дарожнай платы належаць прадпрыемству “Белаўтастрада”. Там пра праблему ведаюць, але зрабіць нічога не могуць. Гаворыць супрацоўніца спадарыня Тамара:
“Вядома — усе перавозчыкі, калі не хочуць плаціць, заўсёды ведаюць, па якой дарозе можна аб’ехаць!”
Наша суразмоўца пацвярджае, што такая сітуацыя не толькі на пункце “Коласава”, але і на астатніх трох.
Той самы пункт платы "Коласава". Фота: http://autotraveler.ru
Спадарыня Тамара: “Я думаю, па ўсёй дарозе ёсць такія хітрыя перавозчыкі. Хочуць ездзіць па прыгожай роўненькай дарозе — і не плаціць за гэта грошы!”
Сабраныя з машын грошы ідуць не прадпрыемству “Белаўтастрада”, а наўпрост у бюджэт краіны.
Спадарыня Тамара: “Грошы бярэ казначэйства, яны ідуць у бюджэт дзяржавы, а пункты проста да нас адносяцца. Так што грошай недаатрымлівае бюджэт”.
Спадарыня Тамара прызнаецца, што ў іх няма паўнамоцтваў нешта зрабіць з хітрымі кіроўцамі, якія аб’язджаюць пункты. А хто ж павінен гэтым займацца?
Калі кіроўца аб'ехаў 4 пункты пропуска па вясковых дарогах — 60 еўра (15х4), якія выдаткаваў начальнік, у яго ў кішэні.
Спадарыня Тамара: “Напэўна, ДАІ павінна займацца. Бо ў нас няма такой службы, якая б магла іх арыштаваць ці нешта такое. Ёсць яшчэ транспартная інспекцыя, яны могуць спыніць і праверыць любую машыну”.
ДАІ Стаўбцоўскага раёна пра сітуацыю добра ведае. Начальнік ДАІ Дзмітры Воранаў кажа, што фуры сапраўды парушаюць дарожныя знакі, але ж кругласутачна ла кожнага знака інспектар не будзе стаяць…
Дзмітры Воранаў: “Фактычна, мы са свайго боку робім усё магчымае: праводзім рэйдавыя мерапрыемствы, усталявалі знакі. Калі перавозчык — беларускі рэзідэнт, то мы паведамляем пра парушэнне дырэктару арганізацыі па месцы рэгістрацыі, якой належыць транспарт, накіроўваем прадпісанні”.
І для транспартнай інспекцыі сітуацыя з фурамі — не навіна. Начальнік філіяла Транспартнай інспекцыі па Мінску і Мінскай вобласці Георгій Жулега кажа, што яны б рады надаваць больш увагі гэтай дарозе, аднак у іх вельмі маленькі штат…
Георгі Жулега: “Мы кантралюем, але ў нас нязначныя сілы: 32 тысячы кіламетраў дарог і 20 кантралёраў... Але мы перыядычна выязджаем на гэты ўчастак”.
Георгій Уладзіміравіч кажа, што цяпер няма ўжо так званых пуцявых лістоў, каб фура была абавязаная ехаць канкрэтна па пэўнай дарозе.
У транспартнага кантролю сілы слабыя: 20 работнікаў на ўвесь Мінск і Мінскую вобласць
Георгій Жулега: “Калі мытня афармляе, яны пішуць, напрыклад: заехаў праз “Казловічы”, мусіць ехаць па М1 у Расію. Але гэта ўсім па-рознаму пішуць, жорсткага ўказання няма”.
Аднак спадар Жулега заўважае, што ў дадзеным канкрэтным выпадку апеляваць трэба якраз да таго, што фуры парушаюць правілы дарожнага руху, калі едуць пад забаронны знак.
Георгій Жулега: “Парушэнне можа быць, толькі калі яны перавышаюць дазволеную на гэтай дарозе нагрузку на вось. Бо калі альтэрнатыўныя дарогі на асобных участках ёсць, можна ехаць — забароны няма”.
Колькі ж губляе дзяржава на хітрых кіроўцах? Падлічыць гэта можна, калі даведацца кошты на праезд праз пункт збору платы.
Спадарыня Тамара: “Калі машына вялікая, больш за 4 восі — гэта 15 еўра. Тры
восі — 10 еўра. Машына кшталту бусіка, калі яна вышэйшая за
15 еўра з фуры — салідны прыбытак! І страта таксама салідная!
Паспрабуем прыкінуць прыблізна, узяўшы толькі фуры. Паводле дачнікаў, за суткі праз іх участкі аб’язджае пункт збірання платы каля 50 фур — у сярэднім 2 на гадзіну, і так кругласутачна, цэлы год. 50 фур памножыць на 15 еўра — атрымліваецца 750 еўра, памножыць на 365 дзён — 273 тысячы еўра! А калі памножыць на 4 пункты збірання платы — больш за 1 мільён еўра, альбо каля 1 мільёна 370 тысяч долараў! Цікава, што найбольш гэта хвалюе дачнікаў, якім “пыл ляціць на агароды”!