“У 5’nizza ён быў на заднім плане, а тут ён увесь, і такі розны”
Мінчукам, нарэшце, дасталіся 2 канцэрты ад Сяргея Бабкіна, якія, як шампунь “два ў адным”, для большага эфекту аб’ядналі ў адну праграму з антрактам.
Першая частка з гуртом Classika – тое, што ўвайшло ў альбом “Star'Yo” – складанку пераасэнсаваных песень розных часоў.
“Першы канцэрт быў больш чаканы, таму што там былі старыя песні, у тым ліку і сольныя Бабкіна – расказала Еўрарадыё наведвальніца Ксенія, – І таму праект быў больш блізкі і менш раптоўны”.
Другая “раптоўная” частка – з гуртом K.P.S.S., у якой вядуць пераважна гітары, цяжкая і часам нават жорсткая.
“Бабкін у такім выглядзе быў для мяне адкрыццем. – сказала дзяўчына Лера. – Ну, і як усе адкрыцці, спачатку вельмі нязвычна. Можна было пабачыць у зале шмат скептычных позіркаў, маўляў, нешта не тое”.
“А мне спадабалася першая і другая частка. Я ўвогуле вельмі пагрузілася ў свае эмоцыі” – дадала дзяўчына Аня.
Увогуле, дзяўчат на канцэрт набегла вельмі шмат. Еўрарадыё нават давялося атрымаць ад адной фанаткі падарунак у выглядзе "пуцёўкі":
“Ідзі на х.. адсюль” – сказала нявінная на выгляд дзяўчынка, якая закаханымі анёльскімі вачыма глядзела на Сяргея Бабкіна, але імгненна перамянілася ў твары, калі мы патрывожылі яе “фанатскі сеанс” – на 20 секунд засланілі куміра, бо трэба было ўладкаваць мікрафон на пульт, каб запісаць песню.
Дарэчы, гэтая песня (дзякуй another.by за відэа):
Еўрарадыё пастаралася больш не замінаць дзяўчынкам, а пайшло размаўляць з хлопчыкамі, каб пачуць і “мужчынскую” праўду пра канцэрт:
“Ён проста чартоўскі артыстычны хлопец. І заўсёды прыемна прасякнуцца энергетыкай менавіта Бабкіна. Таму што ў “Пятніцы” ён быў крыху на заднім плане, а тут вось ён увесь, і такі розны” – падзяліўся эмоцыямі Стас.
А мы дзелімся з вамі прыгожымі фотамі харызматычнага Бабкіна, глядзіце і пішчыце.
\