У АБСЕ занепакоеныя пагрозай закрыцця "Нашай нівы" і "Народнай волі"
Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях СМІ Дуня Міятавіч лічыць, што такі крок "яшчэ больш знізіць узровень плюралізму ў СМІ ў краіне".
Занепакоенасць у АБСЕ выклікаў зварот Міністэрства інфармацыі Беларусі ў Вышэйшы гаспадарчы суд з пазовамі аб спыненні выпуску газет "Наша ніва" і "Народная воля".
Міятавіч лічыць, што "крок урада Беларусі, нацэлены на тое, каб прымусіць змоўкнуць нешматлікія астатнія крытычныя галасы, яшчэ больш знізіць узровень плюралізму ў СМІ ў краіне".
Прадстаўнік АБСЕ падкрэсліла, што нападкі на незалежныя СМІ ідуць насуперак каштоўнасцяў АБСЕ і непрымальныя для краіны — сябра арганізацыі, якая абвясціла аб сваёй прыхільнасці ім, перадае БелаПАН.