У байкатоўцаў вылучэнец у парламент, за якога нельга падпісацца

120801 Marcin_Pikety.mp3

“Гавары праўду” збірае подпісы адразу за пецярых кандыдатаў ля Камароўскага рынку.

Пікет ад "Гавары праўду"

Поруч – пікет аргкамітэта па стварэнні партыі БХД. На стэндзе заклік: "Не ідзіце на выбары". Тут жа вісіць партрэт Марыны Хоміч, якая зарэгістравала ініцыятыўную групу. Сама Марына просіць падпісвацца за вызваленне палітвязняў. Што да чаго…

Пікет БХД

“Ва ўсе інстанцыі будзем накіроўваць. Да прэзідэнта, у Палату прадстаўнікоў. Другі раз во выйшлі”, - тлумачыць Еўрарадыё Марына Хоміч. Яна не можа сказаць, колькі ўжо подпісаў сабрана. За 10 хвілін заўважаю дваіх, хто падпісваецца: дзядуля пенсійнага ўзросту, бо “выбараў няма”. І мужчына гадоў 40, “бо незадаволены ўладай”.

Да гэтага пікету адразу падыходзяць міліцыянты ў цывільным. За імі ўзрушаная прадстаўніца акруговай выбарчай камісіі.

Прадстаўніца АВК: “Вы мусіце мець стэнд з дадзенымі. Ваша ініцыятыўная група мусіць мець падпісныя лісты. У вас на стэндзе не агітацыя за кандыдата, а рэклама таго, каб выбары не адбыліся”.

Марына Хоміч: Я не ўдзельнічаю ў выбарах, а выкарыстоўваю магчымасць данесці пазіцыю да людзей.

У выніку чыноўнік рушыць у акруговую камісію... чытаць Выбарчы кодэкс. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік расказвае Еўрарадыё, што “пікеты па зборы подпісаў дазволеныя, а пікетаваць за байкот можна толькі з дазволу мясцовых уладаў”. Тое ж пацвярджаюць у акруговай выбарчай камісіі.

На пікеце “праўдаўцаў” усе пяць прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты. Уладзіміра Някляева няма, міліцыя забараніла.

“Толькі лухтой займаюцца і грошы зарабляюць”, - кідае у след пікетоўцам бабуля.

Следам падыходзіць пенсіянерка Святлана Леанідаўна. Скардзіцца яшчэ незарэгістраваным кандыдатам на… “адно вакно”.

 “Мне зрабілі аперацыю на сэрцы, я раблю сабе ўколы. Захацела зрабіць тэхнічны пашпарт. Тлумачу, што не магу бегаць па інстанцыях. У нас жа прынцып аднаго вакна. І па сёння не магу зрабіць тэхпашпарт”, - скардзіцца Святлана Леанідаўна Ігару Драко, які ідзе ў дэпутаты. І… хоча паставіць за яго подпіс. Ён абяцае дапамагчы:

Ігар Драко: “Калі я трапляю туды, я б пайшоў займацца знешнепалітычнымі сувязямі ці адукацыяй. Бо гэта мае спецыяльнасці. Але я б ўсё роўна працаваў са сваімі выбаршчыкамі”.

Наступная пенсіянерка скардзіцца пікету на адсутнасць гарачай вады. І ёй… Ігар Драко абяцае ўключыць ваду. Кажа, што будзе “даваць па галаве” чыноўнікам.

Ігар Драко: “Дэпутат мусіць пайсці, націснуць, “даць па галаве” чыноўніку. Дэпутат можа націснуць на чынавенства”.

Прыкладна тое ж мы пачулі ад Міхаіла Пашкевіча, які ўжо сабраў больш за 1200 подпісаў.

“Дэпутацкі мандат дазваляе дзяўбаць чыноўнікаў праверкамі і запытамі”, - расказвае Пашкевіч.

Да абодвух пікетаў людзі падыходзяць ахвотна, хто паспрачацца, хто паскардзіцца на жыллёва-камунальна-бюракратычныя праблемы.

Але чэргаў на подпіс, як падчас прэзідэнцкай кампаніі, няма. Гаварыпраўдаўцы ў выніку падпісваюцца за “вызваленне палітвязняў”.

Ігар Драко ставіць подпіс за вызваленне палітвязняў

А вось БХД за вылучэнне кандыдатаў ад “Гавары праўду” подпісы не ставяць. Чацвёра ў цывільным ні за каго не падпісваюцца. Проста сочаць і здымаюць усіх на камеру.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі